АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАТРАБУЕ ЎЗМАЦНЕНЬНЯ ІДЭАЛЯГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ

Валер Каліноўскі, Менск

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка правёў перастаноўкі кіраўнікоў сваёй адміністрацыі, адказных за ідэалёгію. Як у савецкія часы, у цэнтры і на месцах фармуецца штат кадравых чыноўнікаў ідэалягічнай і прапагандысцкай сфэры, праводзяцца адзіныя дні інфармаваньня. Аляксандар Лукашэнка працягвае стварэньне сваёй дзяржаўнай ідэалёгіі, заяўляе пра асаблівы шлях і выключнасьць сучаснай Беларусі. Сёньня, у прыватнасьці, ён зазначыў, што “ва ўсходнеславянскім сьвеце Беларусь засталася адзінай краінай, якая адкрыта вызнае вернасьць традыцыйным каштоўнасьцям цывілізацыі”.

Беларуская ідэалёгія, паводле спадара Лукашэнкі, павінна арыентавацца на традыцыйныя каштоўнасьці савецкага часу: патрэбу ў працы ня дзеля асабістай карысьці, а дзеля ўсяго грамадзтва, патрэбу ў ідэалах і высокіх мэтах, калектывізм насуперак заходняму індывідуалізму. Паводле спадара Лукашэнкі, ідэалёгія – гэта ня выдумка камуністаў, а атрыбут і нават падмурак любой дзяржавы, і ідэалягічны падмурак Беларусі павінен стварацца так, “каб палітычная кан’юнктура не ўплывала на агульнае развіцьцё грамадзтва”.

(Лукашэнка: ) “Ідэалёгія для дзяржавы – тое самае, што імунная сыстэма для жывога арганізму. Калі разбураецца ідэалягічная аснова грамадзтва, ягоная пагібель становіцца толькі справай часу. Гэта мы ўжо перажылі, што называецца, на ўласнай скуры. На зыходзе савецкага часу нацыяналізм, бездухоўнасьць разьелі ідэалы вялікай дзяржавы. Імунная сыстэма не спрацавала – Савецкага Саюзу больш няма”.

Акрамя такіх агульных разважаньняў А. Лукашэнка паставіў і шэраг канкрэтных задачаў: пашырыць і палепшыць якасьць вяшчанньня трох нацыянальных каналаў: БТ, АНТ і СТБ, і стварыць у бліжэйшы час яшчэ прынамсі тры агульнанацыянальныя каналы: адукацыйны, культурны і спартовы.

Палітоляг, намесьнік старшыні незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль зьвязвае задачу ўзмацненьня ідэалягічнай дзейнасьці зь нядаўнімі масавымі арыштамі ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў у Менску, якія ён назваў “зачысткай”.

(Кароль: ) “Усё гэта знаходзіцца ў лёгіцы развіцьця аўтарытарнага рэжыму, які імкнецца стаць таталітарным. Што да вонкавых прычынаў, то яны ў росьце незадаволенасьці насельніцтва палітыкай гэтай улады”.

Сп. Кароль мяркуе, што А. Лукашэнка таксама імкнецца да ліквідацыі яўнай апазыцыі перад новым рэфэрэндумам:

(Кароль: ) “Гэта, так бы мовіць, ідэалягічная зачыстка тэрыторыі пад свае мэты захаваньня ўлады і падрыхтоўку рэфэрэндуму па працягваньні свайго тэрміну на прэзыдэнцкай пасадзе”.

Аляксей Кароль не выключае, што цяпер Аляксандар Лукашэнка імкнецца да поўнай самаізаляцыі Беларусі.