ПАВАЛ ЛАТУШКА: “АМБАСАДАР САМ ПАВІНЕН АКТЫЎНА ШУКАЦЬ КАНТАКТАЎ”

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Латушка: ) “Лічу, што міждзяржаўныя праблемы паміж Беларусьсю і Польшчай, якія існуюць, ёсьць і ў дачыненьнях паміж іншымі дзяржавамі. Гэтыя праблемы мы павінны вырашаць праз вырашэньне праблемаў простых грамадзянаў Беларусі і Польшчы. А простых грамадзянаў Беларусі і Польшчы цікавіць, каб мы былі добрымі суседзямі, жылі ў згодзе і спакоі, каб вырашаліся праблемы памежных пераходаў, праблемы, зьвязаныя з увядзеньнем візаў. Мы мусім мінімізаваць нэгатыўныя наступствы ўвядзеньня візаў. Трэба, каб разьвіваліся гандлёвыя, гаспадарчыя кантакты. Кантакты паміж ВНУ і, зразумела, кантакты ў галіне культуры”.

Павал Латушка даволі актыўна распачаў сваю дыпляматычную працу – амаль штодня ён праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі польскіх уладаў рознага ўзроўню, з бізнэсоўцамі. Я запытаўся ў амбасадара, чым абумоўленая такая актыўнасьць?

(Латушка: ) “Пачатак місіі амбасадара зьвязаны з тым, што амбасадар павінен усталяваць добрыя кантакты як з цэнтральнымі, так і мясцовымі ўладамі краіны знаходжаньня. Мне, можа, трохі лягчэй, бо я працаваў 4 гады ў консульстве ў Беластоку. Але я раблю адпаведныя захады, каб аднавіць гэтыя кантакты, каб выказаць сваю падтрымку дзейнасьці тых беларускіх арганізацыяў, якія спрыяюць захаваньню беларускай культуры. Вельмі важныя кантакты з цэнтральнымі ўладамі. Зараз я практычна штодзень маю сустрэчы ў Сэйме, з прадстаўнікамі ўраду, розных міністэрстваў. Трэба вырашаць, між іншым, праблематыку памежных пераходаў. Гэта натуральная справа амбасадара. Амбасадар ня толькі павінен сядзець у Варшаве і чакаць, пакуль да яго нехта прыйдзе. Ён сам павінен актыўна шукаць кантактаў”.

Для звычайнага беларуса хуткае ўвядзеньне Польшчай візавага рэжыму ёсьць, бадай, найбольш істотнай праблемай, зьвязанай з гэтай краінай. Ці ёсьць якая-небудзь надзея, што Беларусь пагодзіцца на так званы ўкраінскі варыянт – гэта значыць, ня ўводзіць візавага рэжыму для палякаў узамен на бясплатныя польскія візы для беларусаў? Прынамсі, Польшча на гэта згодная.

(Латушка: ) “Яшчэ раз падкрэсьлю, што ініцыятарам ўвядзеньня візавых адносінаў зьяўляецца Польшча. Яна плянуе выйсьці з дамовы аб бязьвізавым руху. Беларусь яшчэ летась у заяве МЗС прапанавала захаваць той рэжым, які існуе зараз – бязьвізавы. Але Польшча лічыць па-іншаму. Беларусь вывучае прапанову адносна асымэтрычнага ўвядзеньня візавых адносінаў. Аднак дагэтуль мы карысталіся з прынцыпу ўзаемнасьці. Калі ў адносінах да нас уводзяць візы, то мы таксама ўводзім візы ў адносінах да іншай краіны”.