Бэн Кэмбэл - сустаршыня сэнацкай камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, прадстаўляючы законапраект, зьвярнуўся да прэзыдэнта і сваіх калег з такімі словамі: “Пазбаўленая легітымнага кіраваньня ці адказнасьці пры Лукашэнку, Беларусь усё больш і больш заганяе сябе ў самаізаляцыю. Крыху менш за год таму я зьвяртаў увагу Сэнату на інфармацыю пра гандаль зброяй, якую вядзе рэжым з дыктатарскімі краінамі, у тым ліку і з Іракам. Выглядае, што з падзеньнем беларускай эканомікі гэткі гандаль набыў нават большую важкасьць. У той час, як многія хацелі б адмахнуцца ад праблемы Беларусі, як ад анамаліі, нашыя стаўкі надта высокія і кошты надта дарагія, каб ігнараваць. Таму сёньня я прадстаўляю на разгляд Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі, які павінен памагчы пакласьці канец рэпрэсіям і парушэньням правоў чалавека ў Беларусі і стымуляваць уваход краіны ў дэмакратычную эўраатлянтычную грамаду нацый”.
Далей Бэн Кэмбэл згадаў, што рэжым Лукашэнкі, прыняўшы на паперы эўрапейскія дэмакратычныя нормы, і надалей топча элемэнтарныя правы людзей і іх культуру, перасьледуе рэлігійныя канфэсіі. Сэнатар Кэмбэл згадаў пайменна нядаўнія арышты і судовыя пакараньні лідэраў дэмакратычный апазыцыі ды назваў фальсыфікацыяй і насьмешкай апошнія выбары ў мясцовыя саветы. Пасьля прадстаўленьня Сэнат аднагалосна пагадзіўся на разгляд законапраекту.
Лукашэнкаўскі рэжым ЗША пачынаюць сур’ёзна разглядаць у кантэксьце самастойнага зьвяна восі зла. Думаю, гэтаму паспрыялі і нядаўнія візыты ірацкіх прадстаўнікоў у Менск, і заявы Лукашэнкі пра падтрымку Садама Хусэйна. Хутчэй за ўсё, некаторыя беларускія вайсковыя сьляды будуць знойдзеныя ў найбліжэйшай будучыні і ў самім Іраку, як гэта ўжо сталася з Расеяй. У гэтым кантэксьце Беларусь – ня толькі адная зь недэмакратычных краін, але актыўны партнэр краін анты-эўраатлянтычнай арыентацыі, якая да таго ж валодае вайсковымі тэхналёгіямі.