АМЭРЫКАНСКІЯ ВОЙСКІ НАБЛІЖАЮЦЦА ДА БАГДАДУ

Натальля Судлянкова, Прага

У нядзелю адбыліся інтэнсіўнае бамбаваньне і абстрэл ракетамі “зямля-зямля” пазыцыяў ірацкай рэспубліканскай гвардыі вакол Багдаду. Асноўнай задачай абстрэлу было аслабіць пазыцыі так званай дывізіі “Мэдына” – адной з трох асноўных дывізіяў гвардыі, якія ахоўваюць подступы да Багдаду.

Вайна набліжаецца да сваёй крытычнай фазы. Першыя посьпехі войскаў саюзьнікаў стварылі ўражаньне, што вайна будзе лёгкай і хуткай. Аднак зараз, калі сілы кааліцыі дайшлі да цэнтральнай часткі краіны, пачынаецца рэальная бітва. Адзін з афіцэраў сказаў, што гэта будзе бітва, а не нядзельны пікнік.

Тыя ірацкія жаўнеры, зь якімі на пачатку вайны сустрэліся амэрыканскія вайскоўцы, былі кепска падрыхтаваныя і мелі слабую матывацыю да змаганьня. Некаторыя зь іх здаліся, некаторыя проста пакінулі пазыцыі.

Але нават першыя дні вайны паказалі, што капітуляцыя ірацкіх войскаў не была настолькі відавочнай. Першае паведамленьне пра арышт камандуючага 51-й дывізіяй было памылковым. Высьветлілася, што “камандуючы” на самой справе быў малодшым афіцэрам, які пераапрануўся ў генэральскі мундыр у спадзяваньні, што да больш высокіх афіцэрскіх чыноў будзе лепшае стаўленьне.

Ірацкае кіраўніцтва захавала кантроль над войскамі. Перад пачаткам апошняга бамбаваньня тры дывізіі рэспубліканскай гвардыі былі прыведзеныя ў стан практычна поўнай баявой гатоўнасьці.

Спэцыяльныя атрады рэспубліканскай гвардыі часта выкарыстоўваюць у якасьці шчытоў будынкі школ, мячэтаў і шпіталёў, у якіх знаходзіцца цывільнае насельніцтва.

Пакуль ня былі зьнішчаныя і працягваюць дзейнічаць ірацкія мабільныя ракетныя ўстаноўкі клясу “зямля – паветра”. Супрацьпаветараная абарона Багдаду, хаця і часткова разбураная, застаецца даволі эфэктыўнай.

Амэрыканскія войскі сутыкаюцца з праблемамі, зьвязанымі зь перасоўваньнем па тэрыторыі краіны. Ваенныя аўтамашыны часам перашкаджаюць рухацца адна адной, ствараюцца коркі, якія на доўгія гадзіны прыпыняюць рух. У выніку машыны забесьпячэньня застаюцца адарванымі ад галоўных вайсковых частак.

Але, як адзначае аўтар артыкула ў “The New York Times”, войскі саюзьнікаў даволі хуткім тэмпам канцэнтруюцца вакол Багдаду і наносяць першыя ўдары па дывізіях Рэспубліканскай гвардыі. Пляны амэырканскіх вайскоўцаў будуюцца на тым, што жорсткі ўдар па пазыцыях элітных ірацкіх гвардзейцаў пераканае іншых ірацкіх вайскоўцаў не супраціўляцца амэрыканскім войскам.