Прэсавы сакратар мытні “Заходні Буг” Васіль Шапяцюк паведаміў Радыё Свабода, што атрымальнікам кантрабандных запчастак для МіГаў-29, якія днямі былі затрыманыя беларускімі мытнікамі, лічыцца менавіта польская фірма.
(Шапяцюк: ) “Паводле дакумэнтаў, груз ішоў на адрас адной з польскіх фірмаў, такім чынам — менавіта ў Польшчу. Але сьледзтва пакуль працягваецца, і больш ніякіх зьвестак паведаміць немагчыма. Магу толькі пэўна сказаць, што гэта не беларускі груз — ён ішоў транзытам празь Беларусь з Расеі”.
Нагадаю, у мінулую нядзелю на памежным пераходзе “Казловічы” мытнікі затрымалі фуру з расейскімі нумарамі, якая перавозіла незадэкляраваныя запчасткі для расейскіх самалётаў-зьнішчальнікаў МіГ-29. Паводле Васіля Шапяцюка, груз налічваў шмат пазыцыяў, сярод іх паліўныя помпы і фільтры, прылады для кіраваньня самалётам ды іншыя запчасткі на “многія дзясяткі тысяч даляраў”.
Цяпер вядзецца сьледзтва паводле артыкулу аб незаконным экспарце зброі. Расейскі грузавік затрыманы, ягоны кіроўца дапытаны. Высьветленая і расейская фірма, якой належаў груз, аднак у мэтах сьледзтва яна пакуль не называецца. Сьледчыя не выключаюць, што з Польшчы кантрабандныя запчасткі мусілі пераправіць у нейкую трэцюю краіну, хутчэй за ўсё — тую, якая вядзе баявыя дзеяньні. У тым ліку называецца і раён Блізкага Ўсходу.
Гэтай вэрсіі, у прыватнасьці, прытрымліваецца прадстаўнік польскага Міністэрства абароны, які не пажадаў сябе назваць. “Зьнішчальнікі МіГ-29 маюць на ўзбраеньні ня толькі войскі Польшчы, але і Чэхіі, Баўгарыі, Вугоршчыны і нават нямецкі Бундэсвэр. Таму кантрабанда магла быць прызначаная і для гэтых краінаў. Але хутчэй за ўсё запчасткі транзытам пайшлі бы ў нейкую “гарачую кропку” — ахвотных пагрэць на гэтым рукі паўсюль хапае. А што да афіцыйных структураў, то нашыя адназначна да гэтага ня маюць дачыненьня. Два месяцы таму ў Варшаве быў расейскі міністар абароны Іваноў, зь якім падпісалі дамову пра закупкі запчастак. Таму сэнсу зьвязвацца з кантрабандыстамі ў нас няма ніякага”, — патлумачыў прадстаўнік Міністэрства абароны Польшчы. Пры гэтым ён ня выключыў, што гэтыя запчасткі ўрэшце маглі апынуцца і ў Іраку.
Зазначу, што амэрыканскія ўлады ўжо абвінавацілі тры расейскія фірмы ў пастаўках Іраку зброі і вайсковых прыладаў у абыход санкцыяў ААН. Сярод іх фірма “Авіяканвэрсія”, якая займалася пастаўкамі ў тым ліку авіяцыйнага абсталяваньня і запчастак для расейскіх ваенных самалётаў. Аднак, ці фігуруе гэтая самая фірма ў скандале з запчасткамі, затрыманымі на беларуска-польскай мяжы, пакуль невядома. Сьледчыя заяўляюць, што агалосяць гэтыя зьвесткі не раней чым празь месяц, пакуль будзе цягнуцца расьсьледаваньне.