У многіх кранах сьвету зараз ладзяцца масавыя антываенныя акцыі, тысячы людзей выходзяць на вуліцы, каб публічна выказаць свой пратэст супраць вайны ў Іраку. Гэта адбываецца і на Захадзе, і ў краінах былога СССР, у тым ліку ў Расеі. У Беларусі ж нічога падбонага не назіраецца. Чаму беларусы не выходзяць на антываенныя акцыі? Апытаныя мной выпадковыя мінакі адказвалі на гэтае пытаньне па-рознаму.
(Спадарыня: ) “Загадка”.
(Спадар: ) “Я нават ня ведаю. У нас людзі заўжды былі такія непаваротлівыя, заўжды было так — пакуль іх нехта ня зрушыць з месца, самі ня змогуць. Патрэбна, каб нехта даў штуршок”.
(Другі спадар: ) “У нас народ такі. Пакуль да тваёй хаты ня прыйдзе бяда, нашыя людзі ня рухаюцца. А калі закрануць цябе, тваю сям’ю, толькі тады людзі пачынаюць нешта рабіць”.
(Трэці спадар: ) “Мы й бяз акцыяў супраць вайны”.
(Спадарыня: ) “Мабыць, баяцца. Я чула, што беларусы могуць атрымаць і ў свой бок такую пагрозу, што й у Беларусі можа пачацца вайна. Менавіта таму беларусы так адкрыта не выступаюць супраць вайны”.
(Другая спадарыня: ) “На жаль, у краіне, якая згубіла кожнага чацьвертага ў другой усясьветнай вайне, цяпер ходзяць хлопцы-скінгэды, яны зьбіваюць замежных студэнтаў. Гэта вельмі страшна й пагражае нам больш, чым вайна ў Іраку”.
(Трэцяя спадарыня: ) “Я лічу, што ў нас проста такі характар ад прыроды. Людзі імкнуцца ня ўмешвацца ў іншыя праблемы, але калі нас гэта нейкім чынам кране, мы нешта зробім”.
(Спадар: ) “Садам — гэта дыктатар. Ня супраць народу Амэрыка ваюе, а супраць дыктатара. А дыктатар — гэта страшна, ня дай Бог нікому. Пратэставаць я не зьбіраюся. Хутчэй бы скончылася вайна зь невялікімі ахвярамі. Але Садама трэба злавіць”.
(Другі спадар: ) “Ня ведаю, чаму не адбываюцца антываенныя акцыі. Асабіста я супраць вайны, гэтая вайна несправядлівая. Кожная дзяржава павінна вырашаць свае праблемы без староньняга ўмяшальніцтва”.
(Трэці спадар: ) “Такі народ памяркоўны і з прычыны палітыкі, якая зараз праводзіцца ў Беларусі, людзі ў нейкай ступені запалоханыя”.
(Спадарыня: ) “Беларусы — вельмі спакойныя. А другі раз ім ні да чаго няма справы, таму што жыццё іх складаецца не ад таго, што там недзе адбываецца, а ад таго, што тут ёсьць. І гэта іх цікавіць. І, можа, гэта й добра, таму што трэба клапаціцца аб сабе. Да таго ж, ці бачылі вы з часу Рымскай імпэрыі й па сёньняшні дзень, каб людзі выйшлі на вуліцу і гэта дапамагло?”
Гэтак мінакі на менскіх вуліцах адказвалі на пытаньне: “Чаму беларусы не выходзяць на антываенныя акцыі?”