УЛАДЫ ЎХІЛІЛІСЯ АД АРГАНІЗАЦЫІ ПАХАВАНЬНЯ ГЕОРГІЯ ТАРАЗЕВІЧА

Альгерд Невяроўскі, Менск

65-гадовы Георгі Таразевіч памёр у пятніцу ўвечары ва ўласнай кватэры. Доўгія гады ён узначальваў Менскі гарвыканкам, быў старшынём прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету СССР, амбасадарам Беларусі ў Польшчы. Таразевіч таксама зьяўляўся сябром ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”.

Родныя і сябры Георгія Таразевіча зьвярнуліся ва ўладныя ўстановы з просьбай дапамагчы ў арганізацыі пахаваньня, бо лічылі, што такі чалавек мае права быць пахаваным зь дзяржаўнымі ўшанаваньнямі. Распавядае сябар і калега Георгія Таразевіча Мар’ян Місуна:

(Місуна: ) “Афіцыйна зьвярнуліся ў Менскі гарвыканкам. У гарвыканкаме сказалі: такое пахаваньне мае адбывацца на больш высокім узроўні. Зьвярнуўся да старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова. Адправілі нас некуды, нікога ня можам знайсьці. Сёньня выходны, немагчыма ні з кім злучыцца. Папоў быццам бы некаму даручыў, а хто гэты чалавек па арганізацыі пахаваньня? Пакуль мы яго знайсьці ня можам”.

У справе арганізацыі пахаваньня дапамагло толькі Міністэрства замежных справаў. За кошт МЗС была купленая труна, вянок і замоўлены катафалк. На гэтым уся дапамога ўладаў скончылася. Нават месца на могілках сябрам нябожчыка прыйшлося шукаць самім. Яны ня ведаюць, якая прычына такога стаўленьня ўладаў да асобы Георгія Таразевіча. Але не выключаюць, што чыноўнікі просто баяцца браць на сябе адказнасьць, бо спадар Таразевіч апошнім часам быў у апазыцыі да ўладаў.

А вось лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч проста перакананы, што прычына няўвагі ўладаў да асобы Таразевіча менавіта ў ягонай апазыцыйнай дзейнасьці:

(Статкевіч: ) “Я сапраўды ў шоку. Безумоўна, мы зробім усё магчымае, каб годна разьвітацца з нашым старэйшым таварышам. Чаму такое стаўленьне ўладаў, тут тлумачыць доўга ня трэба. Георгі Станіслававіч заўсёды займаў прынцыповую пазыцыю. Ён не нахіляўся, як шмат хто. Ён на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму па мове й сымболіцы падаў у адстаўку з пасады амбасадара Беларусі ў Польшчы. Ён сапраўды быў вельмі прынцыповым чалавекам, і тое, што гэтая ўлада помсьціць нават мёртвым людзям, помсьціць за тое, што яны мелі сваю пазыцыю, як нішто іншае характарызуе ступень маральнасьці гэтай улады”.

Георгі Таразевіч будзе пахаваны ў панядзелак на Ўсходніх могілках Менску.