СПОЎНІЛАСЯ 60 ГАДОЎ З ДНЯ ТРАГЕДЫІ Ў ХАТЫНІ

Галіна Абакунчык, Менск

149 вяскоўцаў лясной Хатыні, сярод якіх 75 дзяцей, жывыя згарэлі ў зачыненым хляве падчас вынішчальнай апэрацыі карнікаў 60 гадоў таму. Тыя, хто ўцякаў ад агню, былі расстраляныя з кулямётаў. З усяе вёскі жывымі засталіся ўсяго некалькі чалавек, і сярод іх Віктар Жалабковіч, якому ў сакавіку 1944-га было сем гадоў. Гаворыць Віктар Жалабковіч:

(Жалабковіч: ) “Засталося нас з хлява пяць чалавек: астатнія — абгарэлыя, абвугленыя людзі. Ня ўсе былі мёртвыя: нехта стагнаў, нехта прасіў піць. Але гэта ж 22 сакавіка было: мароз, сьнег, вады не было дзе набраць, я нічым ня мог ім дапамагчы. І так да ночы, а затым усё сьціхла. Не было сілаў нават у мяне, пацана, гэтага перажыць”.

Дзясяткі гадоў гэтае злачынства савецкая ідэалёгія прыпісвала войскам СС. Праўда пра Хатынь стала адкрывацца толькі апошнімі гадамі: што хатынцаў зьнішчаў паліцэйскі батальён, сфармаваны з расейцаў і ўкраінцаў, што камандавалі ім былыя кадравыя афіцэры Чырвонай арміі, а нямецкая групоўка СС Оскара Дырлівангера прыбыла на месца амаль на завяршэньне апэрацыі.

Тым ня менш, яшчэ напярэдадні большую частку сваёй афіцыйнай прамовы з нагоды жалобнай даты Аляксандар Лукашэнка прысьвяціў не бязьвінна закатаваным, а цяперашнім падзеям у Іраку. Аднак праводзіць аналёгію паміж гэтымі трагічнымі падзеямі не выпадае, — кажа навуковец і гісторык Міхась Чарняўскі.

(Чарняўскі: ) “Прычым тут Хатынь і прычым тут Ірак? Нацяжка неверагодная. Ёсьць матэрыялы, што Хатынь была справакаваная. Калі немцы знайшлі пад Катыньню расстраляных польскіх афіцэраў і пачалі эксгумацыю, то спэцслужбы савецкія, маскоўскія вырашылі папярэдзіць гэтую сэнсацыю і выбралі менавіта Хатынь, бо па-ангельску яны пішуцца амаль аднолькава, Хатынь і Катынь. І сюды была закінутая група НКУСаўцаў, якія адмыслова каля вёскі Хатынь зрабілі засаду бязь ведама мясцовага партызанскага атраду, абстралялі некалькі нямецкіх машын і адступілі па сьнезе ў вёску Хатынь. А потым, калі ўкраінскі батальён быў пасланы на пошукі дывэрсантаў, то, як мясцовыя расказвалі, яшчэ пасьпелі некалькі разоў выстраліць у бок паліцыі, а самі зьбеглі ў лес. Адпаведна, вёска была асуджаная й яе зьнішчылі, спалілі”.

У 1965 годзе на месцы былога паселішча быў узьведзены мэмарыял, і Хатынь стала сымбалем усіх спаленых падчас вайны беларускіх вёсак ды іх жыхароў. Аднак за ўсе 38 гадоў тут не праводзілася ніводнага капітальнага рамонту. Тым часам асобныя кампанэнты помніка — “Сьцяна памяці канцлягераў”, падмуркі й весьнічкі ўяўных хатаў патрабуюць сур’ёзнага аднаўленьня.

З-за адсутнасьці грошай аўтары архітэктурнага комплексу бясплатна падрыхтавалі праект ягонай рэстаўрацыі. Але на ўсе работы было выдзелена толькі 50 мільёнаў рублёў, а гэта мізэр, таму прынялі рашэньне помнік закансэрваваць, — кажа адзін з аўтараў, заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін.

(Левін: ) “Мы рабілі адзін праект і другі праект, бо да рэстаўрацыі трэба было падысьці “ад і да”. Але грошай няма, і мы прыйшлі да задумкі не рэстаўрацыі, а кансэрвацыі. Бо калі некаторыя элемэнты пачалі рэстаўраваць, то так рабілі, што сорамна было глядзець на гэтую рэстаўрацыю”.

Паводле спадара Левіна, кансэрвацыя мэмарыяльнага комплексу “Хатынь” распачнецца адраз ж з надыходам адпаведных кліматычных умоваў. Яна будзе разьлічаная на 50 гадоў.