ПАВАЛ МАЖЭЙКА ВЯРТАЕЦЦА ДА ХАТЫ

Ул. інф.

Суд пад кіраўніцтвам старшыні суду Жлобінскага раёну Віктара Малашэнка адбыўся сёньня ў 10.30 раніцы. А 15-й гадзіне Павал Мажэйка ўжо выехаў да дому ў Гродна. Па прыезьдзе ў родны горад журналіст павінен стаць на ўлік у Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі.

Рэшту тэрміну пакараньня – 5 месяцаў і 9 дзён – Павал Мажэйка мусіць быць цалкам законапаслухмяным грамадзянінам. Калі за гэты час ім будзе здзейсьнена два ці болей дробных правапарушэньняў, у тым ліку адміністрацыйных – хуліганства, п’янства і да т.п. – Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя мае права падаць у суд патрабаваньне вярнуць асуджанага на “хімію”.

“Павал Мажэйка быў вельмі прыкладным асуджаным. Мы пажадалі яму, каб не вяртаўся да нас”, – гаворыць Аляксандар Філіпенка, намесьнік начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу №1 пры Жлобінскім РАЎС.

Спадар Філіпенка адзначыў, што супрацоўнікі жлобінскай “хіміі” ўдзячныя Паўлу за стварэньне ў іх бібліятэкі.