У МЕНСКУ РЫХТУЮЦЦА ДА СЬВЯТКАВАНЬНЯ 85-Х УГОДКАЎ БНР

Валер Каліноўскі, Менск

Першая маніфэстацыя да юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі заплянаваная на нядзелю 23 сакавіка. Яна падтрыманая Нацыянальным камітэтам у справе сьвяткаваньня 85-х угодкаў БНР. Заяўнікамі выступілі некалькі грамадзянаў, якія пасьля таго, як улады не дазволілі маніфэстацыю ў цэнтры, аспрэчылі гэтае рашэньне ў судзе Маскоўскага раёну Менску.

Валянцін Баранаў, Яўген Скочка і Зьміцер Філіповіч патрабуюць, каб суд адмяніў рашэньне гарвыканкаму, якое забараняе шэсьце па праспэкце Францішка Скарыны, называюць яго неканстытуцыйным, сьцьвярджаюць, што яно парушае іх грамадзянскія правы. Але на гэтым тыдні суд ня змог разгледзець гэты пазоў. Тым ня менш, каардынатар акцыі Вячаслаў Сіўчык сьцьвярджае, што падрыхтоўка да маніфэстацыі працягваецца, і сьвяточнае шэсьце адбудзецца, як заўсёды.

(Сіўчык: ) “Як толькі Лукашэнка стаў пры ўладзе, сьвяткаваньне Дня Волі заўсёды не атрымлівала дазволу менскіх уладаў, і заўсёды нам прыходзілася пераадольваць пэўныя цяжкасьці. І цяпер вельмі шмат залежыць ад таго, колькі людзей зьбярэцца 23 сакавіка”.

Вячаслаў Сіўчык кажа, што арганізатары акцыі зацікаўленыя толькі ў мірным шэсьці й будуць працягваць весьці адпаведныя перамовы зь менскай міліцыяй.

Не атрымала дазволу менскіх уладаў і ініцыятыва іншай групы апазыцыі — правесьці сьвяточную маніфэстацыю на менскім праспэкце Скарыны з ускладаньнем кветак да помнікаў Якубу Коласу і Янку Купалу, заплянаваную на 25 сакавіка. Гарвыканкам дазволіў ім шэсьце агульнай колькасьцю да 900 чалавек вакол таго ж парку Дружбы Народаў ля плошчы Бангалор. Гаворыць адзін з заяўнікаў шэсьця на 25 сакавіка Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы ніяк ня можам адмяніць папярэдняга запрашэньня менчукам зьірацца на пляцы Якуба Коласа. Мы маем поўнае права прынамсі ўскласьці кветкі да помніка Якубу Коласу ў дзень нашага найвялікшага нацыянальнага сьвята”.

Вінцук Вячорка спадзяецца на годнае адзначэньне юбілею.

Старшыня Нацыянальнага камітэту ў справе сьвяткаваньня 85-х угодкаў БНР Анатоль Грыцкевіч так тлумачыць адмовы менскіх уладаў у адзначэньні ўгодкаў БНР у цэнтры гораду:

(Грыцкевіч: ) “Улады непрыхільна ставяцца да гэтай даты, бо якраз 25 сакавіка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, а тут ідзе і з боку менскіх уладаў, і з боку маскоўскіх уладаў гэты інтэграцыйны працэс, саюзная дзяржава… Зразумела, сьвяткаваньне юбілею БНР не адпавядае інтарэсам ні кіраўніцтва Беларусі, ні кіраўніцтва Расеі”.

Анатоль Грыцкевіч лічыць, што сьвята 85-х угодкаў БНР павінна заклікаць беларусаў да большай пільнасьці, бо цяпер зноў зьявілася пагроза незалежнасьці краіны.