У ПАЛАЦЫ МАСТАЦТВАЎ ЗАБАРАНІЛІ ВЫСТАВУ ДА 85-Х УГОДКАЎ БНР

Галіна Абакунчык, Менск

Цяпер мастакі “Пагоні” тэрмінова шукаюць месцы для пэрсанальных выставаў, бо ў невялікай сядзібе БНФ зьмясьцілася толькі нязначная частка працаў, якія меркавалася паказаць на вялікай імпрэзе ў Палацы мастацтваў. Сябар суполкі мастак Алесь Цыркун адпаведнага памяшканьня пакуль не знайшоў і намерваецца нават выставіць свае палотны на вуліцы. Гаворыць Алесь Цыркун:

(Цыркун: ) “Раз нам не даюць афіцыйна нідзе памяшканьня — тлумачаць, што там рамонт, яшчэ нешта, то правесьці выставу на вуліцы, каля Палаца мастацтваў. Гэта цалкам магчыма, бо гэта месца для мастакоў адведзенае, для сяброў Саюзу. Больш дзесяці гадоў мы выстаўляліся, былі праблемы й перашкоды, але ніколі не было, каб не давалі памяшканьне для выставы на юбілей. А на гэты раз зусім не далі”.

Юбілей БНР “Пагоня” адзначае ці не найменшай за ўсе гады выставай: у сядзібе БНФ, дзе яна праходзіць, зьмясьцілася ўсяго каля двух дзясяткаў твораў. Сябрамі суполкі ёсьць амаль 80 чалавек, і бальшыня зь іх хацела бы ўдзельнічаць у імпрэзе. Такім чынам, сёньня можна казаць ня толькі пра традыцыю мастацкіх імпрэзаў у гонар БНР, але й традыцыю іх перасьледу — кажа мастак Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) “У сядзібе, як правіла, мы выстаўлялі творы, якія адхіляліся цэнзурай: я свае творы выстаўляў, у Алеся Пушкіна здымалі палотны. У другіх месцах мы таксама выстаўлялі. Так што традыцыі цэнзуры й уціску працягваюцца, але яны пад розным выглядам. Сёлета ўжо не здымаюць з Палаца мастацтваў, бо няма выстаўкі такой і цэнзура ўжо не праходзіць “слановай” паходкай, а проста не далі магчымасьці выставіцца”.

Многія сябры суполкі “Пагоня” намерваюцца арганізаваць асобныя імпрэзы ў сталічных бібліятэках ды іншых памяшканьнях гораду. Мастак Алесь Пушкін пэрсанальную выставу ў гонар 85-х угодкаў БНР пакажа ў Маскве.