РЭАКЦЫЯ НА ВАЙНУ ЎНУТРЫ ЗША

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

У Вашынгтоне ўдзень таксама прайшла дэманстрацыя. У ёй узяло ўдзел недзе 200 чалавек. Дэманстранты сабраліся ў цэнтры, у парку каля Белага Дому і рушылі ў бок дому міністра абароны Дональда Рамсфэлда. А трохі раней таксама ў Вашынгтоне прайшла дэманстрацыя студэнтаў. Прыкладна 150 чалавек перайшлі мост зь Вірджыніі ў Вашынгтон і рушылі ў бок Белага Дому.

Падобныя нешматлікія дэманстрацыі, ад 30 да 300 чалавек прайшлі па многіх гарадох ЗША: Нью-Ёрку, Бостане, Чыкага, Дэтройце і іншых.

Тым часам, паводле апошніх статыстычных апытаньняў, больш за 60% амэрыканцаў падтрымліваюць дзеяньні прэзыдэнта што да вядзеньня вайны ў Іраку.

Таксама і Кангрэс ЗША дэманструе надзвычайнае і незвычайнае адзінства ў падтрымцы Джорджа Буша. Сёньня Кангрэс аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая ўхваляе дзеяньні прэзыдэнта і амэрыканскіх войскаў.