Гэта доўгая спрэчка, і кожны бок мае свае аргумэнты. Рэзалюцыя Рады бясьпекі ААН многімі ўспрымаецца як апошняя інстанцыя ў гэтай справе. Насамрэч Рада бясьпекі ніколі не выконвала такую ролю цалкам. Вайсковыя акцыі супраць Афганістану пазалетась, супраць рэжыму Мілошавіча ў былой Югаславіі ці раней супраць рэжыму на Гаіты адбываліся без удзелу Рады бясьпекі. Не выпадае забывацца на бездапаможную бязьдзейнасьць Рады бясьпекі падчас генацыду ў Руандзе – і гэта прыклад з найноўшай гісторыі, калі не было супрацьстаяньня халоднай вайны. За часам халоднай вайны Рада бясьпекі з прычыны вэта ніяк не паўплывала, напрыклад, на савецкую вайну у Афганістане, ці раней на ўвод войскаў у Чэхаславаччыну.
Такім чынам, не адпавядае рэальнасьці ацэнка, быццам адбылося нешта надзвычайнае, праігнараваная ААН і вайсковая апэрацыя нелегітымная, бо няма рэзалюцыі Рады бясьпекі. Тыя, хто падтрымліваюць акцыю ЗША, сьцьвярджаюць, што Амэрыка толькі ўмацоўвае аўтарытэт ААН, бо ажыцьцяўляе рэзалюцыю Рады бясьпекі 1441, якая абяцала Іраку сур’ёзныя наступствы, калі не адбудзецца добраахвотнага раззбраеньня. Нагадаю, што ўсе сябры Рады бясьпекі, у там ліку Францыя і Нямеччына, не сумняваліся, што Садам адкрыў далёка ня ўсе свае таямнгіцы і ня цалкам выконваў патрабаваньні ААН.
Для зацятых пацыфістаў любая вайна, нават супраць самага бязьлітаснага ворагу чалавецтва, амаральная. З гісторыі мы таксама ведаем, што для ідэалягічна зацятых прыхільнікаў той ці іншай рэлігіі, напрыклад, ці не любая вайна можа быць сьвятой – ці гэта крыжовы паход, ці гэта джыгад.
Пры вызначэньньі маральнасьці ці амаральнасьці вайны, важна мець на ўвазе два фактары: па першае, павінны быць этычна прымальныя прычыны для вайны. Вайна павінна быць абвешчаная законнай уладай, мець справядлівую мэту і справядлівывя намеры. Па-другое, сіла павінна ўжывацца толькі супраць вайсковых цэляў, а ня супраць цывільнага насельніцтва, і быць прапарцыйна сувымернай задачам.
Калі ЗША і Вялікабрытанія хочуць зьвесьці да мінімуму напружанасьць на Блізкім Усходзе і сярод мусульманаў увогуле, кровапраліцьце павінна быць мінімальным. Калі дэмакратычныя краіны ваююць супраць тыраніяў, надзвычай важна, каб войскі кааліцыі захоўвалі высокія маральныя стандарты і такім чынам выразна адрозьніваліся ад таго, што робяць дэспатычныя рэжымы. Вайна напэўна прывядзе да ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, як усякая вайна. Надзвычай цяжкая задача будзе стаяць перад амэрыканскім камандаваньнем і пасьля заканчэньня баявых дзеяньяў.
І Джордж Буш, і Тоні Блэр прызнаюць, што цана гэтай вайны можа быць высокай і для Амэрыкі, і для Іраку. Вынік таксама можа быць надзвычайны – канец дэспата, які шмат гадоў запалохваў свой народ і ўвесь сьвет. Дыктатарскія краіны ўведаюць, што назапашваньне зброі масавага зьнішчэньня, ігнараваньне патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці не праходзяць беспакарана. Так было з Талібанам, так здарылася з рэжымам Мілошавіча, гэта ўрок для дыктатараў ва ўсім сьвеце.