Прадстаўнікі ФІФА і УЭФА назвалі недэмакратычным ухвалены новы статут Беларускай фэдэрацыі футболу, якая рашэньнем дэлегатаў канфэрэнцыі была пераўтвораная з грамадзкага аб’яднаньня ў асацыяцыю. Скандал абвастрыўся і ў зьвязку з абраньнем у якасьці кіраўніка беларускага футболу Генадзя Нявыгласа — вылучэнца Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Савету бясьпекі Беларусі.
Пры канцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускаму футболу патрэбная “цьвёрдая рука” і сакратар Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас, на ягоную думку, найлепшая кандыдатура на пасаду кіраўніка БФФ. Некалькі месяцаў таму і УЭФА, і ФІФА выказаліся, што высокі дзяржаўны чыноўнік, а тым больш сілавы міністар ня можа кіраваць спартовай фэдэрацыяй.
УЭФА і ФІФА вызначаюць гэта як спробу ўсталяваць кантроль дзяржавы над футболам. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што Генадзь Нявыглас уваходзіць у сьпіс урадавых чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.
Яшчэ да пачатку выбараў новага кіраўніка нацыянальнай фэдэрацыі прысутныя на паседжаньні экспэрты ФІФА І УЭФА (Джозэф Міфсуд і Эрык Эпле адпаведна) канстатавалі: статутныя дакумэнты, у якія сёньня былі ўнесеныя папраўкі, не адпавядаюць міжнародным футбольным патрабаваньням, асабліва што тычыцца абраньня кіраўніка нацыянальнай фэдэрацыі. Не паразумеўшыся з удзельнікамі паседжаньня, экспэрты пакінулі залю.
Усьлед за міжнароднымі назіральнікамі тое ж самае зрабіў і былы кіраўнік БФФ Рыгор Фёдараў. На разьвітаньне ён сказаў: “Наўрад ці хто здолее зрабіць нават палову ад таго, што зрабіў я”. Міністар спорту Юры Сівакоў у сваю чаргу на гэта толькі адказаў: “Вы, спадар Фёдараў, заўсёды гаворыце адно, а робіце зусім іншае”. Пасьля гэтага паседжаньне пераўтварылася ў высьвятленьне адносінаў паміж удзельнікамі канфэрэнцыі.
Рыгор Фёдараў у камэнтары для Радыё Свабода выказаў сваю пазыцыю так:
(Фёдараў: ) “Спорт — гэта асаблівая катэгорыя. Я маю права гэта казаць, бо працаваў у галіне, дзе ёсьць жорсткая тэхналягічная дысцыпліна. Таму тут патрэбны асаблівы падыход. Няпроста будзе ўсё прынамсі аднавіць, бо ёсьць асаблівая катэгорыя ўзаемаадносінаў, прызнаньня ўключна і кіраўніка высокага рангу. Больш глыбока трэба думаць, нельга так катэгарычна ставіць задачы. Сёньняшняя сытуацыя мяне зьдзівіла. Спадзяваўся, што пры любым раскладзе больш будуць людзі пра спорт клапаціца, і ня думаў, што так радыкальна будзе прынятае рашэньне. Я аб’ектыўна рабіў усё дзеля таго, каб усё вырашалася нармалёва, у інтарэсах футболу”.
У бюлетэні для галасаваньня былі ўнесеныя два прозьвішчы. Апроч Нявыгласа, каб уратаваць сытуацыю, унёс сваю кандыдатуру былы трэнэр зборнай Міхаіл Вергіенка. Як і чакалася, перамог вылучэнец улады. Такім чынам, менавіта зараз у беларускім футболе пачынаюцца сапраўдныя праблемы.
Назіральнікі адзначаюць, што захады ФІФА і УЭФА могуць быць самымі радыкальнымі — ажно да выключэньня нацыянальнай фэдэрацыі з гэтых міжнародных аб’яднаньняў, пра што яшчэ 17 сакавіка Беларусь была папярэджаная. А значыць, краіна сама ставіць сябе ў ізаляцыю ад футбольнага сьвету. І ўжо найбліжэйшы адборачны матч Чэмпіянату Эўропы 29 сакавіка з нацыянальнай камандай Малдовы пастаўлены пад пытаньне.