ЯК СТАВЯЦЦА МЕНЧУКІ ДА ВАЙСКОВАЙ АПЭРАЦЫІ СУПРАЦЬ ДЫКТАТАРСКАГА РЭЖЫМУ САДАМА ХУСЭЙНА?

Ганна Соусь, Менск

(Cпадар: ) “Безумоўна, яны здолеюць, таму што ЗША і Вялікабрытанія маюць вялікія сілы, і каб дасягнуць сваіх мэтаў, яны выкарыстаюць ўсе сілы”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што амэрыканцы здолеюць, таму што ў іх вельмі вялікае войска й шмат сродкаў”.

(Спадар: ) “ЗША мала што дасягнуць у выніку гэтай апэрацыі. Нічога ня зьменіцца, а яшчэ горш стане. Ірак — такая краіна. Што будзе тое, што было ў Віетнаме”.

(Спадарыня: ) “Я лічу што не, таму што ў рэжыму Садама Хусэйна шмат прыхільнікаў сярод ірацкага народу, і нават больш чым лічаць амэрыканцы. Яны могуць разбамбаваць Ірак, але ня здолеюць зьмяніць іхныя ідэі”.

(Спадар: ) “Усё ж Садама Хусэйна яны скінуць, а ён да нас прыедзе, таму што больш няма куды”.

(Спадарыня: ) “Вайсковымі дзеяньнямі не дасягнуць той мэты, якую яны ставілі перад сабой. Трэба было толькі мірным шляхам ці нейкімі іншымі мерамі. Вайны не павінна быць. Беларусы — гэта тая нацыя, якая найбольш адчула наступствы другой усясьветнай вайны. Мы супраць”

Як адаб’ецца вайна ў Іраку на сытуацыі ў Беларусі, асабліва калі ўлічваць шчыльныя кантакты паміж афіцыйным Багдадам і Менскам?

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце, ці будуць нейкія наступствы для Беларусі ў выніку вайсковай апэрацыі?”

(Спадар: ) “Цяпер Ірак, а хто наступны? Які яшчэ дыктатарскі рэжым застаўся? Беларусь. А хто яшчэ болей?”

(Другі спадар: ) “Падаражэе бэнзын, гэта асноўнае. Надоечы быў артыкул у нейкай газэце, у якім гаварылася, што Садаму Хусэйну хочуць знайсьці паратунак у Беларусі. Таму я думаю, што гэта адаб’ецца супраць Беларусі. І так ў нашай краіне няма парадку”.

(Спадарыня: ) “Пакуль ніякія нашыя войскі туды ня едуць”.

(Спадар: ) “Улічваючы, што нашая краіна наладжвала шчыльныя стасункі з Іракам і Іранам, то ў выпадку вайны аніякага супрацоўніцтва быць ня можа”.

(Другі спадар: ) “Я чуў, што ў нас адкрыліся нейкія пункты дабраахвотнікаў у Ірак”.

(Спадарыня: ) “Узгадваю інтэрнацыянальную вайну ў Афганістане. Я вельмі хвалююся, каб гэтая сытуацыя не паўтарылася, каб нашыя хлопцы не паехалі ў Ірак”.

(Другая спадарыня: ) “Падвышаюцца цэны на нафту, на бэнзын, такім чынам, для кіроўцаў гэта будзе дрэнна”.

(Спадар: ) “Як мы ведаем, нашая краіна даволі актыўна супрацоўнічала з Іракам, і таму я думаю. Што лепш ад гэтай вайны нам ня будзе. І горш ня будзе, таму, што горш чым зараз ужо немагчыма”.