Нашая размова зь нямецкім палітыкам пачалася з пытаньня адносна той пазыцыі, якую займае Нямеччына ў дачыненьні да Беларусі.
(Кётшаў: ) “Хачу сказаць, што ў межах Эўразьвязу Нямеччына ёсьць пэўнага кшталту адвакатам Беларусі. Мы за тое, каб гэтая краіна ўсё ж не апынулася ў поўнай ізаляцыі. Зразумела, гэта ня значыць, што мы ў захапленьні ад той палітыкі, якую праводзіць беларускае кіраўніцтва. Калі Менск хоча супрацоўнічаць з намі, то мы маем права чакаць, каб ён выконваў пэўныя міжнародныя правілы і стандарты”.
(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі пра пазыцыю адваката, якую займае Нямеччына. Як юрыст паводле адукацыі, у часе размоваў у МЗС і Бундэстагу вы будзеце таксама выступаць у якасьці абаронцы таго, што адбываецца ў Беларусі?”
(Кётшаў: ) “Мая справаздача будзе пераважна крытычнай. Аднак пры гэтым я буду па-ранейшаму адстойваць сваю ўласную пазыцыю: Нямеччына мусіць супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Гэта адзіная магчымасьць краіны для будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці, дэмакратызацыі краіны. Аднак буду шчырай: як паказваюць мясцовыя выбары, агульная сытуацыя ў беларускім грамадзтве стала горшай. Людзі многага баяцца, у тым ліку — прымаць рашэньні. Гэта вельмі нэгатыўны знак.
Я ня ведаю, якія мы мусім зрабіць крокі дзеля таго, каб Беларусь не апынулася ў нейкім закутку Эўропы. Мая прапанова, каб на перамовах зь беларускімі ўладамі мы пастаянна акцэнтавалі ўвагу на тых крытычных момантах, якія адбываюцца ў Беларусі. Напрыклад, тое, як перасьледаваліся ў часе выбараў кандыдаты ад апазыцыі…
Аднак паўтаруся, што мая прапанова — надалей супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў розных галінах і ў якасьці партнэраў супрацоўніцтва трэба бачыць як прадстаўнікоў ураду, так і тых людзей, якія крытычна ставяцца да рэжыму”.
(Карэспандэнт: ) “Прыкладна так свае задачы вызначае і прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску, якое гэтымі днямі апынулася ў полі крытыцы правай беларускай апазыцыі. Пасьля таго, як спадар Гайкен не зьявіўся на акцыю “За лепшае жыцьцё” ў якасьці назіральніка, у шэрагах крытыкаў рэжыму можна пачуць меркаваньні, што цяперашняя прысутнасьць місіі ў Менску ўвогуле нямэтазгодная...”
(Кётшаў: ) “Я лічу надзвычай важным, што офіс АБСЭ ўсё ж пачаў працаваць у Менску. Што да папрокаў адносна таго, што ягоныя прадстаўнікі не назіралі за акцыяй то, наколькі я ведаю, такое назіраньне ўсё ж было. З боку адказнага прадстаўніка місіі. Хай гэта быў і не кіраўнік офісу, аднак гэта і ня ёсьць ягонай задачай.
Ёсьць шэраг іншых абавязкаў, якія Гайкен мусіць выконваць згодна са сваім мандатам. І гэтую працу Гайкен мусіць выконваць спакойна. Спадар Гайкен будзе шукаць шляхі да супрацоўніцтва з рознымі сіламі грамадзтва. Ён надзвычай крытычны чалавек, аднак ніколі ня пойдзе на напружаныя дачыненьні з тым ці іншым бокам у беларускім грамадзтве”.
(Карэспандэнт: ) “Вяртаючыся да галоўнай мэты вашага цяперашняга візыту ў Беларусь — назіраньня за выбарамі. Крыху раней вы зазначалі, што ўдзел у выбарах вашых галоўных палітычных партнэраў — беларускіх сацыял-дэмакратаў — быў ня надта пасьпяховым, на кандыдатаў ад “Народнай грамады” быў прэсінг з боку дзяржавы...”
(Кётшаў: ) “Мае назіраньні адносна цяперашняга ўдзелу апазыцыйных кандыдатаў у выбарах можна, аднак, у нейкім сэнсе называць пазытыўным... Я лічу, што колішні ўдзел беларускіх сацыял-дэмакратаў у парлямэнцкіх выбарах, за якія яны рэзка крытыкаваліся з боку правай апазыцыі, быў адзіным верным рашэньнем. Сябры “Народнай грамады” атрымалі вялікі досьвед адносна розных магчымых парушэньняў, фальсыфікацыяў.
Тое, што зараз зь вялікімі цяжкасьцямі абраны 21 кандыдат ад “Народнай грамады”, сьведчыць пра надзвычай добрую падрыхтоўку партыі. Гэта дэманструе тое, што беларускія сацыял-дэмакраты на верным шляху”.