МЕНГАРВЫКАНКАМ НЕ ДАЗВОЛІЎ ШЭСЬЦЕ ПА ПРАСПЭКЦЕ СКАРЫНЫ 23 САКАВІКА

Валер Каліноўскі, Менск

Арганізатары сьвяточнай дэманстрацыі 23 сакавіка прасілі дазволу на шэсьце ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы. Менскія ўлады дазволілі шэсьце ў баку ад цэнтру гораду і толькі на некалькі соцень мэтраў — ад аўтастанцыі “Кульман” да парку Дружбы народаў ля плошчы Бангалор, дзе дазволена правесьці і мітынг. На думку аднаго з арганізатараў сьвяткаваньня, лідэра КХП БНФ Юрыя Беленькага, уладамі выбрана найбольш зьняважлівае рашэньне:

(Беленькі: ) “Ля ўлады знаходзяцца людзі, для якіх і краіна зьяўляецца чужой, і народ чужы, і культура, і мова, і сьвяты чужыя. Яны гэта дэманструюць штогод і, можа быць, штодзённа. Яны нават зь нянавісьцю адносяцца да Беларусі, я б так сказаў. Таму й прапаноўваюць галоўнае нацыянальнае сьвята адзначаць на “сабачніку”.

Юры Беленькі кажа, што нягледзячы на такое рашэньне Менскага выканкаму, сьвяточная акцыя адбудзецца, як гэта было і ў папярэднія гады, а тым часам заяўнікі маніфэстацыі паспрабуюць урэгуляваць з уладамі й міліцыяй яе фармат і ўзгадніць дачыненьні. Паводле намесьніка старшыні Нацыянальнага камітэту ў справе сьвяткаваньня 85-х угодкаў БНР Сяргея Законьнікава, адмову Менгарвыканкаму павінен яшчэ абмеркаваць і сам камітэт на наступным паседжаньні.

Тым часам заяўнікі другой масавай акцыі да Дня Волі ў Менску, прызначанай на 25 сакавіка, адказу ад гарвыканкаму пакуль не атрымалі. Прадстаўнікі БНФ, ТБМ, іншых партыяў і грамадзкіх арганізацыяў спадзяюцца правесьці ў Менску ўвечары 25 сакавіка ўрачыстае шэсьце і мітынг-канцэрт з ускладаньнем кветак да помнікаў Якубу Коласу і Янку Купалу. Сябра працоўнай групы ў падрыхтоўцы другой маніфэстацыі Аляксей Кароль у адказ на шматлікія пытаньні, у якой зь дзьвюх масавых акцыяў 23 і 25 сакавіка варта браць удзел, зазначыў:

(Кароль: ) “Грамадзкасьць па сутнасьці пастаўленая перад пытаньнем “Дзе і як удзельнічаць?” Адказ на сёньняшні момант: “І там, і там”. Ніхто нікому не забараняе і заклікаем паўдзельнічаць, калі ўжо арганізаваць адну акцыю не атрымалася”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка выказаў спадзеў, што ўдасца забясьпечыць мірны збор людзей 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа, як гэта было неаднойчы:

(Вячорка: ) “Мы хацелі б спадзявацца і ўладам такую прапанову пераказаць: не перашкаджаць сабрацца і адзначыць вялікае нацыянальнае сьвята, не ўжываць сілы супраць тых людзей, якія зьбяруцца. Хаця безумоўна, мы яшчэ не трацім надзеі атрымаць нармальны цывілізаваны дазвол, згоду з боку гарвыканкаму”.

Апрача масавых маніфестацыяў, да 85-х угодкаў БНР прымеркаваныя навукова-практычная канфэрэнцыя, паэтычныя чытаньні, выстава мастацкай суполкі “Пагоня”, свьяточны канцэрт, урачысты сход.