18 cакавіка ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі пачала працу міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Беларусь–Украіна: гістарычны досьвед узаемадачыненьняў”. Канфэрэнцыю “Беларусь–Украіна” арганізавалі інстытуты гісторыі Нацыянальных акадэміяў навук дзьвюх дзяржаваў, дзяржкамітэт у справах рэлігіяў, аб’яднаньне ўкраінцаў Беларусі “Ватра” ды ўкраінская амбасада ў Менску. Амбасадар Украіны Анатоль Дронь заявіў, што гэтая канфэрэнцыя ёсьць завершаньнем мерапрыемстваў году Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі, і зазначыў:
(Дронь: ) “У Беларусі пастаянна афіцыйна падкрэсьліваецца пародненасьць беларускага й расейскага народаў. Гэта так, сапраўды. Але калі ў ценю застаецца ўкраінскі радавод беларускага народу — я лічу, што гэта несправядліва”.
Адкрываў канфэрэнцыю прэзыдэнт Нацыянальнае Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі. Спадар Мясьніковіч адмовіўся падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад форуму — адно сам сабе задаў пытаньне: “Ці ўступіць Украіна ў саюз Беларусі й Расеі?” і адказаў на яго станоўча.
Але амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь на маё пытаньне — ці значыць далучэньне Ўкраіны й Казахстану да Расеі й Беларусі, што ствараецца новы саюз чатырох? — адказаў:
(Дронь: ) “Пазыцыя афіцыйнага Кіева вядомая, пра гэта неаднаразова заяўляў наш прэзыдэнт: эўрапейскі, эўраатлянтычны выбар застаецца прыярытэтным для Ўкраіны. Гэтак сама як прыярытэтам для нас ёсьць адносіны з Расеяй. Украіна ўжо ня першы год адстойвае неабходнасьць зоны вольнага гандлю ў складзе СНД. Толькі гэта можа прыпыніць дэклярацыі, заявы палітычныя й даць вынікі ад такога супрацоўніцтва.
Мы лічым, што супрацоўніцтва ў рамках чатырох — гэта першы крок да таго, каб потым у рамках 12-ці мы стварылі ўмовы для нармальнага перамяшчэньня нашых тавараў, каб не было тых эканамічных войнаў, якія ёсьць і з Расеяй, і зь Беларусьсю. На жаль, гэта перашкаджае. Таваразварот у нас з Эўропай узрастае, а ў рамках СНД падае”.
Амбасадар Дронь дадаў, што Ўкраіна менавіта таму й накіроўвае свае намаганьні на разьвязаньне эканамічных праблемаў Садружнасьці.