ЦІ ПАВІНЕН САДАМ ХУСЭЙН ПАКІНУЦЬ ІРАК?

Галіна Абакунчык, Менск

Да праблемы абвастрэньня ірацкага крызысу апытаныя менчукі ставяцца па-рознаму: адны лічаць, што вайна непазьбежная; другія перакананыя, што перамовы з дыктатарам трэба працягваць.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мусіць Садам Хусэйн пакінуць сваю краіну, каб папярэдзіць вайну, як вы лічыце?”

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што адна краіна ня можа ставіць другой ніякіх умоваў”.

(Спадарыня: ) “Каб быў мір, ён павінен пакінуць Ірак”.

(Спадарыня: ) “Канечне не, бо кіраўнік краіны мусіць быць са сваім народам, разьдзяліць ягоны лёс і прайсьці ўсе выпрабаваньні з народам”.

(Спадар: ) “Я думаю, што Хусэйну лепш пакінуць сваю краіну”.

Некаторыя ня здолелі пэўна вызначыць сваю пазыцыю ў стаўленьні да ірацкай праблемы, але лічаць, што распачынаць вайну ня варта.

(Карэспандэнтка: ) “Ці мусіць Садам Хусэйн пакінуць Багдад, каб папярэдзіць вайну?”

(Спадар: ) “Садам Хусэйн, магчыма і ўзурпатар, але няхай лепш ірацкі народ вырашыць гэтую праблему, так што ня ведаю”.

(Спадар: ) “Паколькі я чалавек веруючы, то я супраць вайны пры якіх бы то ні было ўмовах. Шляхі вырашэньня ірацкай праблемы мусяць быць толькі мірныя”.

(Спадар: ) “Ня ведаю. Але што датычыць вайны, дык мяне цікавіць толькі адно: каб яна не закранула менавіта нас”.

Усе, апытаныя мінакі перакананыя, што збройны канфлікт пачнецца, але іх меркаваньні розьняцца адносна вынікаў вайны.

(Спадар: ) “Вайна будзе. І ўлічваючы, што паўднёвыя краіны й іх народы непрадказальныя, то наступствы могуць быць самыя нечаканыя”.

(Спадар: ) “Вайна пачнецца, але закончыцца вельмі кепска, бо ў яе будуць уцягнутыя многія краіны”.

(Спадар: ) “Вайна будзе, як у Афганістане: Амэрыка выйграе ў гэтай вайне”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што Амэрыка застране там надоўга. Бо мусульманскі сьвет, як гаварылі клясыкі, справа тонкая. Яшчэ Настрадамус казаў, што трэцяя сусьветная вайна пачнецца менавіта з Блізкага Ўсходу”.

(Спадарыня: ) “ЗША калі вырашылі пачынаць вайну, то яны гэта зробяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як яна завершыцца?”

(Спадарыня: ) “Пэўна так, як і ў Афганістане, але трэба быць надзвычай упэўненымі ў сваёй праваце, каб некага забіць альбо аддаць такі загад”.

Такія меркаваньні адносна падзеяў вакол Іраку выказалі мінакі на вуліцах Менску.