СЯБРЫ АРГКАМІТЭТУ НАРОДНАГА МАРШУ ЗАКЛІКАЛІ ДА КАНСАЛІДАЦЫІ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты аргкамітэту народнага маршу Мікалай Халезін, Уладзімер Кобец, Леанід Каліценя й Анатоль Шумчанка асудзілі дзеяньні ўладаў, якія працягваюць перасьлед арганізатараў вулічнай акцыі 12 сакавіка. Міліцыя цяпер актыўна шукае лідэра арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” спадара Шумчанку ды актывіста БНФ Валянціна Голубева. Ноччу 15 сакавіка быў абрабаваны прэс-цэнтар руху “Зубр”. Актывісты арганізацыі не выключаюць, што гэта ёсьць помстай уладаў за актыўны ўдзел у народным маршы.

Тым часам шырыцца акцыя салідарнасьці з ужо асуджанымі спадарамі Саньнікавым, Гразновай, Бандарэнкам і Малахавым. Актывісты руху “Зубр” і палітычных партыяў Польшчы распачалі збор подпісаў пад зваротам да беларускіх уладаў з заклікам тэрмінова вызваліць зьняволеных арганізатараў маршу. Неўзабаве гэтыя падпісныя лісты будуць перададзеныя ў беларускую амбасаду ў Варшаве.

Праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” заклікае людзей накіроўваць у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі патрабаваньні вызваліць чатырох апазыцыянэраў. У абарону зьняволеных таксама выступілі Міжнародная ліга правоў чалавека, Усебеларускі сход інтэлігенцыі, сойм БНФ, Беларускі Гельсынскі камітэт, АГП, ды многія іншыя беларускія й міжнародныя арганізацыі.

Сябры аргкамітэту выказалі зьдзіўленьне пазыцыяй супрацоўнікаў менскага офісу АБСЭ і амбасадаў заходніх краінаў, якія не прысутнічалі на працэсах над арганізатарамі маршу. Каардынатар “Хартыі-97” Мікалай Халезін лічыць, што ўлады могуць спыніць рэпрэсіі, калі будуць адчуваць у гэтай справе ціск грамадзкасьці й асабліва журналістаў:

(Халезін: ) “Сёньня вялікую ролю граюць журналісты. Журналісты павінны выступіць так, як яны выступалі ў 1996, 1997, 1998 гадах. Калі журналісты выступалі кансалідаванай сілай. Моцнай сілай, якая падтрымлівала дэмакратычны рух Беларусі”.

“Цяпер галоўнае — кансалідацыя ўсіх дэмакратычных сілаў”, — некалькі разоў паўтаралі сябры аргкамітэту маршу. Кансалідацыя — галоўны прынцып новай стратэгіі гэтага аб’яднаньня палітыкаў і прадпрымальнікаў, якая зьявіцца прыкладна празь месяц.

Мікалай Халезін працягвае:

(Халезін: ) “А — кансалідацыя, В — кансалідацыя, С — кансалідацыя. Усе палітычныя сілы павінны быць разам. Пункт другі: узьнікненьне новых групаў, новых асобаў, якія дадуць новы штуршок дзеяньням апазыцыі. І трэцяе: узгодненыя акцыі з усімі тымі, хто ў гэтай стратэгіі будзе браць удзел”.

Але пакуль пэўныя супярэчнасьці не пераадоленыя ў гэтай кааліцыі. Так, намесьнік старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Леанід Каліценя гаворыць, што 1 красавіка іх арганізацыя зьбіраецца прывесьці прадпрымальнікаў да Дома ўраду, каб патрабаваць ад дэпутатаў палаты адмены шэрагу дэкрэтаў Лукашэнкі. А лідэр іншай прадпрымальніцкай структуры Анатоль Шумчанка заяўляе, што гэтая акцыя заўчасная. У іншых блізкіх вулічных акцыях, 25 сакавіка і 26 красавіка, сябры кааліцыі будуць удзельнічаць разам.