ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА ЎСЕБЕЛАРУСКАГА СХОДУ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ

...

Высокапаважаныя і дарагія сябры!

Ад імя рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю ўдзельнікаў Усебеларускага сходу інтэлігенцыі і перадаю яго ініцыятарам і арганізатарам прызнаньне і ўдзячнасьць Рады.

Сход ваш важны ня толькі дзеля новай пагрозы дзяржаўнасьці Беларусі, але і дзеля ролі, якую вы і толькі вы здольныя адыграць у беларускім вызвольным руху. Вы маеце тое разуменьне беларускай праблематыкі і тыя магчымасьці зьмяніць курс гісторыі, якія, на жаль, недаступныя для ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі. Вы ведаеце сэнс слова “свабода”, ведаеце, як людзі жывуць у іншых эўрапейскіх краінах, ведаеце, што трэба зрабіць, каб асягнуць лепшую долю для беларускага народу.

Але чым большыя магчымасьці, тым большая і адказнасьць. У гэтым, 21-м стагодзьдзі інтэлігенцыя ня мае права ігнараваць лёсы свайго народу ды волю сваіх продкаў людзьмі звацца. А людзьмі мы будзем звацца толькі ў сваёй незалежнай беларускай дзяржаве.

Вы гэта зразумелі. Вы зразумелі, што страх ня можа быць правілам жыцьця беларускага народу. Далучаемся да вас нашымі думкамі, жадаем вам плённай працы.

Жыве Беларусь!

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла