З ініцыятывай вызваленьня Андрэя Саньнікава, Людмілы Гразновай, Зьмітра Бандарэнкі й Леаніда Малахава, пакараных 15-сутачным арыштам арганізатараў маршу “За лепшае жыцьцё”, выступілі сустаршыні аргкамітэту сходу інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, Аляксей Марачкін і Аляксей Кароль. Вось што сказаў спадар Колас:
(Колас: ) “Мы ад імя аргкамітэту накіравалі лісты пракурору Менску спадару Куліку і старшыні гарсуду спадару Ардзяку. Мы паведамляем, што Саньнкаў, Гразнова, Бандарэнка і Малахаў ёсьць дэлегатамі Ўсебеларускага сходу інтэлігенцыі. Яны асуджаныя як арганізатары маршу “За лепшае жыцьцё”. А паколькі марш прайшоў мірна, без парушэньня грамадзкага парадку, то яны асуджаныя несправядліва. Мы просім іх вызваліць, каб яны мелі магчымасьць удзельнічаць у нашым сходзе”.
Сустаршыні аргкамітэту спадзяюцца, што старшыня суду і пракурор прыслухаюцца да іхнай просьбы. Тым больш, што падобны прэцэдэнт ужо быў. Некалькі гадоў таму са спэцпрыёмніка быў вызвалены Лявон Баршчэўскі. Тады ўлады далі яму магчымасьць паўдзельнічаць у зьезьдзе БНФ.
Нагадаю, што Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі пачнецца 16 сакавіка ў Менску, у палацы культуры “Сукно”. Дэлегаты (а гэта прыкладна 800 чалавек з усіх рэгіёнаў) зьбіраюцца абмеркаваць палітычную, эканамічную і культурную сытуацыю ў Беларусі. У падрыхтаваным праекце рэзалюцыі сходу сытуацыя ў Беларусі вызначаная як сыстэмны крызыс.
Аўтары праекту выступаюць катэгарычна супраць любых спробаў скасаваньня незалежнасьці й сувэрэнітэту Беларусі. Яны прапануюць Аляксандру Лукашэнку зьвярнуцца да вопыту дэмакратычных пераўтварэньняў у цывілізаваных краінах, ды распачаць канструктыўны дыялёг з прадстаўнікамі ўсіх палітычных плыняў. У якасьці першага кроку да такога дыялёгу спадару Лукашэнку прапануецца неадкладна вызваліць зьняволеных журналістаў, а таксама правесьці выніковае расьсьледаваньне ў справе зьніклых асобаў.
Уладзімер Колас лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі менавіта інтэлігенцыя павінна прадэманстраваць грамадзтву прыклад кансалідацыі. Ён таксама не выключае, што пасьля сходу аргкамітэт ператворыцца ў сталы орган у справе каардынацыі дзеяньняў інтэлігенцыі, які будзе прадстаўляць яе інтарэсы ў Беларусі й за мяжой.