БЕЛАРУСЫ АКТЫЎНА НАБЫВАЮЦЬ СОТКІ НА МЕСЯЦЫ

Ігар Карней, Менск

Ці разумеюць даверлівыя пакупнікі, што, хутчэй за ўсё, ніколі ня ступяць на свае соткі за 100 тысяч кілямэтраў ад Зямлі, адказаць цяжка. Запытаць пра гэта непасрэдна ў пакупнікоў, шчыра кажучы, пакуль нерэальна. Адзін з ініцыятараў распродажу Месяца для беларусаў, супрацоўнік сталічнай Інтэрнэт-фірмы “Рэд графік” Віталь Германовіч сказаў мне, што ўсе пакупнікі захоўваюць ананімнасьць. Але хто яны, кліенты консульства Месяца?

(Германовіч: ) “Пераважна гэта людзі заможныя, якія гатовыя зрабіць такі падарунак сваім блізкім. Але, адрозна ад расейскіх знакамітасьцяў, якія ўсяляк афішуюць падобны факт, беларусы жаданьня “засьвяціцца” не выказваюць. Я ад пачатку арыентаваўся на тое, што патэнцыйных пакупнікоў можна знайсьці праз Інтэрнэт. Бо ў Беларусі адзін з паказчыкаў, што чалавек сапраўды сур’ёзна ставіцца да свайго бізнэсу — гэта ягонае дасканалае веданьне Інтэрнэту. Што тычыцца попыту? Калі параўноўваць, прыкладам, з Расеяй (з улікам, натуральна, колькасьці насельнікаў, тэрмінаў працы), то паказчыкі ў нас нават больш высокія. Але абсалютныя лічбы, натуральна, меншыя. Насамрэч гэта проста дадатковая магчымасьць людзям пазабавіцца, зрабіць такі арыгінальны ход”.

Падобныя фірмы, якія, дарэчы, прапануюць месцы ня толькі на Месяцы, але яшчэ на Вэнэры і Марсе, існуюць шмат у якіх краінах. Іншымі словамі, рэалізуючы віртуальную нерухомасьць, прадпрымальныя людзі зарабляюць зусім не віртуальныя грошы.

А пачалося ўсё яшчэ ў 1980 годзе. Ідэю, якая, у прынцыпе, ляжала на паверхні, маштабна разьвіў амэрыканец Дэніс Хоўп. Штогод на продажы надзелаў на Месяцы ён зарабляе ад 800 тысяч да мільёну даляраў. Пасьлядоўнікаў у Хоўпа па ўсім сьвеце шмат, паколькі няма нічога прасьцей, як прадаваць ката ў мяху. У Беларусі да гэтага дадумаліся толькі летась.

Я, дарэчы, запытаў у Віталя Германовіча, ці прыбытковы ягоны бізнэс, і ён прызнаўся: прыбытак ня тое, каб звыш, але ёсьць. А пра нармальныя, зь ягонага гледзішча, грошы можна будзе весьці гаворку тады, калі людзі пабагацеюць і пачнуць масава купляць надзелы на Месяцы.

Натуральна, узьнікае лягічнае пытаньне: колькі ж каштуе такі надзел для беларусаў? Як кажуць, таньней толькі задарма. Стандартны надзел — 177 акраў (гэта крыху больш за 70 гектараў) каштуе 99 даляраў. Можна толькі ўявіць, што б рабілася, калі б падобны надзел і за такія грошы прадавалі на Зямлі. Выдаткі таннасьці, праўда, у тым, што адвольна выбраць месца ў Месяцавым ляндшафце немагчыма: што прапануе консульства, тое і купляюць.

Дарэчы, каб угода выглядала сапраўднай, кожнаму пакупніку надаецца ідэнтыфікацыйны нумар, а ягонае прозьвішча ўпісваецца ў агульны рэестар уладальнікаў нерухомасьці на Месяцы. За дадатковыя грошы можна набыць мапу паверхні спадарожніка Зямлі з прыблізна пазначаным месцам надзелу, таксама пашпарт грамадзяніна Месяца. Бясплатна да чэку аб аплаце прыкладаецца Канстытуцыя Месяца і Біль аб правох.

У Беларусі шчасьлівымі ўладальнікамі сваіх сотак сталі 44 чалавекі. А разам у сьвеце іх болей як мільён, і яшчэ каля двух мільёнаў могуць гэта зрабіць у пэрспэктыве. Зрэшты, мяркую, што віртуальна на Месяц можна перасяліць усіх насельнікаў Зямлі, паколькі пракантраляваць “чысьціню” падобнага гандлю амаль немагчыма.

Што тычыцца ўсясьветных знакамітасьцяў, то ў тых жа ЗША, падобна, толькі гультай не патрапіў на вуду да Дэніса Хоўпа. У Расеі сярод тых, хто адшкадаваў грошы, прозьвішчы такія: Басілашвілі, Альтаў, Разэнбаўм, Шаўчук, Стаянаў, Алейнікаў, мноства камэрсантаў.

Дарэчы, вяртаючыся да пытаньня наконт таго, ці разумеюць людзі, што цягам усяго жыцьця могуць і не пабачыць, куды ўклалі свае сто даляраў... Віталь Германовіч, у прыватнасьці, кажа, што цудоўна разумее двухсэнсоўнасьць падобнага праекту, але разам з тым нікога не прымушае купляць надзелы па-за межамі Зямлі.