АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАДПІСАЎ УКАЗ ПРА ВАЙСКОВА-ТЭХНІЧНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА З ЗАМЕЖНЫМІ КРАІНАМІ

Юры Сьвірко, Менск

Указ вызначае, што асноўнымі мэтамі вайскова-тэхнічнага супрацоўнітцва ёсьць умацаваньне палітычных і эканамічных пазыцыяў Беларусі ў замежжы й падтрыманьне экспартнага патэнцыялу краіны ў галіне звычайных узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, а таксама атрыманьне валюты. Асноўныя прынцыпы такой дзейнасьці — дзяржаўная манаполія й выкананьне міжнародных дамоваў пра зброю.

Праца з прадукцыяй ваеннага прызначэньня падлягае ліцэнзаваньню, парадак якога вызначае прэзыдэнт. Указ забараняе манаполію на тэрыторыі Беларусі адной арганізацыі, якая замймаецца вайскова-тэхнічным супрацоўніцтвам, і канкурэнцыю паміж такімі арганізацыямі за межамі краіны. Указ вызначае ў гэтай галіне паўнамоцтвы розных органаў дзяржаўнага кіраваньня, а таксама Нацыянальнай Акадэміі навук, якая мусіць выдаваць заключэньні пра мэтазгоднасьць правозу празь мяжу спэцыфічных тавараў, у тым ліку “ноў-хаў” ваеннага прызначэньня.

Гэты ўказ падпісаны пасьля некалькіх гадоў абвінавачаньняў на адрас афіцыйнага Менску пра гандаль зброяй з краінамі-ізгоямі, улучна з Іракам. Чаму Аляксандар Лукашэнка не падпісаў такі ўказ раней, ягоная прэсавая служба не тлумачыць.