Гаворыць адзін з арганізатараў пікету, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка.
(Карніенка: ) “Галоўная мэта нашай сёньняшняй акцыі – паказаць салідарнасьць з удзельнікамі маршу ў Менску. Я веру, што гэты марш будзе новым этапам ва ўжо апошнім, пераможным змаганьні з дыктатурай”.
(Карэспандэнт: ) “Акрамя салідарнасьці, вы маеце і шэраг патрабаваньняў?”
(Карніенка: ) “Так, мы патрабуем свабоды для асуджаных журналістаў, а таксама, нарэшце, праўды пра беларускіх палітыкаў, якія зьніклі ці памерлі ў дзіўных абставінах”.
У пікеце, акрамя беларускіх студэнтаў што вучацца ў Польшчы, палітычных уцекачоў ды прадстаўнікоў Інстытуту Беларускай культуры, узялі ўдзел і некалькі палякаў, сярод якіх сябра моладзевага руху “Зубр”, жыхар Варшавы Томаш Бладынец.
(Бладынец: ) “Я прыйшоў сюды на знак сваёй салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй. Лічу, што мы, палякі, як народ, які мае вялікі досьвед жыцьця ва ўмовах камуністычнай тыраніі не павінны забывацца на народы, якім пашчасьціла менш і якія дагэтуль у такой сытуацыі”.
Пікет каля амбасады доўжыўся прыблізна гадзіну і выклікаў зацікаўленасьць шматлікіх мінакоў, якія падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі ды пыталіся пра сытуацыю ў Беларусі.
Цікава, што якраз у той час, калі распачынаўся пікет, амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка пакінуў тэрыторыю амбасады.