Арганізатары маршу абураныя тым, што Менскі гарвыканкам забараніў дэманстрацыю ў цэнтры Менску. Дазволены толькі мітынг на пляцы Бангалор. Арганізатары падалі адмысловыя скаргі ва ўрад і пракуратуру. Сёньня двух сябраў аргкамітэту маршу Ўладзімера Кобеца і Людмілу Гразнову запрасілі на перамовы ў Міністэрства ўнутраных справаў. Намесьнік міністра спадар Шчурко ды іншыя міліцэйскія начальнікі пагадзіліся з тым, што месцам збору удзельнікаў маршу стане плошча Якуба Коласа.
Таму адзін з арганізатараў “Маршу за лепшае жыцьцё” каардынатар “Хартыі-97” Зьміцер Бандарэнка заклікае людзей прыйсьці 12 сакавіка а 18-й гадзіне на пляц Якуба Коласа. Менавіта стуль пачнецца марш праз цэнтар гораду, які павінен скончыцца мітынгам на пляцы Бангалор. Гаворыць Зьміцер Бандарэнка:
(Бандарэнка: ) “Асноўная мэта — гэта выказаць пратэст некампэтэнтнай палітыцы беларусіх уладаў, якія прывялі народ да галечы. Падрыхтоўчая праца дазволіла давесьці інфармацыю пра мэты акцыі да велізарнай колькасьці людзей. Другі вынік — гэта новая кансалідацыя беларускага грамадзтва й дэмакратычных сілаў. І трэцяе — спадзяюся так будзе — на ўвесь сьвет прагучыць голас беларускага народу. Голас супраць жабрацтва і галечы, голас як за асабістую свабоду, гэтак і за свабоду нашай Бацькаўшчыны”.
Марш будзе праходзіць пад лёзунгамі: “Хопіць рабаваць народ!”, “Зьнізіць камуналку і квартплату — падвысіць заробкі, пэнсіі й стыпэндыі!”, “Ён мусіць сыйсьці!” ды іншымі. “Марш за лепшае жыцьцё” падтрымалі многія апазыцыйныя партыі, грамадзкія арганізацыі, а таксама шэраг вядомых у Беларусі людзей.
Вельмі актыўна падтрымалі правядзеньне “Маршу за лепшае жыцьцё” і прадпрымальніцкія арганізацыі. На рэчавых кірмашах 30-ці рэгіёнаў Беларусі 12 сакавіка яны плянуюць правесьці аднадзённы папераджальны страйк. У большасьці гэтых гарадоў таксама пройдуць вулічныя акцыі пратэсту, у якіх будуць удзельнічаць прадпрымальнікі. Гаворыць лідэр прадпрымальніцкай арганізацыі “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў.
(Малахаў: ) “Прадпрымальнікі разумеюць, што ў іх няма іншага выйсьця як падтрымаць гэтую акцыю. Бо тое, што адбываецца — гэта вельмі жахліва. Правы прадпрымальнікаў парушаюцца, і яны таму й аб’ядналіся каб неяк выстаяць. Па ўсіх рэгіёнах, буйных гарадах пройдуць розныя акцыі. Напрыклад, у Магілёве будзе шэсьце й “Канцэрт пустых рандоляў”, у якім возьмуць удзел як прадпрымальнікі, гэтак і пакупнікі. У іншых рэгіёнах бізнэсоўцы па-рознаму будуць браць удзел. Бальшыня падтрымае менавіта страйк, як больш пасыўную форму супраціву. Але больш актыўныя прыедуць у Менск. А нехта й на месцах будзе актыўна дзейнічаць”.
У часе вулічных акцыяў у рэгіёнах дробныя бізнэсоўцы зьбіраюцца перадаць уладам звароты з патрабаваньнем зьнізіць падаткі, стаўкі арэнднай платы, а таксама адмяніць шэраг дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, што перашкаджаюць ім нармальна працаваць.
Рэзка супраць правядзеньня “Маршу за лепшае жыцьцё” выступіла Беларуская партыя свабоды. У сваёй заяве актывісты партыі заяўляюць, што арганізатары маршу супрацьпастаўляюць ідэалы незалежнай Беларусі сацыяльнаму прагрэсу ды спрыяюць расколу апазыцыйных сілаў. Партыя свабоды заклікае людзей узяць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні 85-й гадавіны незалежнасьці БНР.