БЕЛАРУСКІЯ БІЗНЭСОЎЦЫ НЯ МАЮЦЬ НАМЕРУ ПАКІДАЦЬ ІРАЦКІ РЫНАК

Ігар Карней, Менск

У інфармацыйнай службе аэрапорту “Менск-2” пацьвердзілі, што каля двух дзясяткаў чалавек напярэдадні, а палове дзявятай увечары, сапраўды прыляцелі чартарам з Багдаду.

(Супрацоўніца інфармацыйнае службы: ) “Так, было 19 пасажыраў з Багдаду. Хто лётаў канкрэтна, мы ня ведаем; адно толькі, што бачу на паперы: 706-ы рэйс, Багдад, 19 пасажыраў. Усе прайшлі праз дэпутацкі пакой, праз VIP-залю. Плянавалася, паводле папярэдняй тэлеграмы, што іх будзе 60 чалавек, але прыляцелі толькі 19. Усе астатнія, як нам сказалі, самалётамі расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў адляцелі з Багдаду праз Маскву раней”.

Фундатарам выправы ў Багдад праз Таварыства беларуска-ірацкага сяброўства выступіў сталічны “Інфа-банк”. Як паведаміў адзін з журналістаў, які ў шчыльных стасунках са старшынём праўленьня Віктарам Шаўцовым, кіраўнік “Інфа-банку” рэгулярна бывае ў Іраку цягам апошніх пяці год і, мяркуючы па ўсім, мае там свой бізнэс. Аднак у банку адмовіліся распавесьці пра мэты і акалічнасьці апошняга падарожжа ў Багдад.

У ірацкай амбасадзе пацьвердзілі: беларускія бізнэсоўцы сапраўды былі ў Іраку, але пра вынікі паездкі ніхто зь яе супрацоўнікаў нібыта не інфармаваны.

Як удалося высьветліць зь іншых крыніцаў, сярод тых, хто наведаў Ірак, быў дэпутат палаты прадстаўнікоў Андрэй Ваганаў. У свой час ён кіраваў зборачным прадпрыемствам “Форд” у Беларусі, а цяпер спрабуе лябіяваць інтарэсы былых калегаў у бізнэсе на ірацкім рынку.

Самай прадстаўнічай была дэлегацыя фірмы “Белметалэнэрга”, якая, дарэчы, месьціцца на плошчах “Інфа-банку”. Дагэтуль супрацоўнікі менавіта гэтай фірмы складалі абсалютную бальшыню беларускіх адмыслоўцаў, якія працавалі паводле кантрактаў у Іраку. Адзін з кіраўнікоў “Белметалэнэрга” Арнольд Міронаў у часе гэтай паездкі меўся ўдакладніць, які лёс напаткае ірацкае прадстаўніцтва фірмы ў выпадку ваенных дзеяньняў. Гэта актуальна, бо ў часе нядаўняга візыту ў Менск мэра ірацкай сталіцы былі падпісаныя пагадненьні на пастаўкі ў Ірак новай партыі трактараў “Беларус”, а таксама прадукцыі Менскага аўтазаводу і спэцтэхнікі прадпрыемства “Белкамунмаш”. А менавіта выпраўленыя ў Ірак адмыслоўцы “Белметалэнэрга” займаюцца тэхнічным абслугоўваньнем згаданых машынаў. Але, як і астатнія бізнэсоўцы, спадар Міронаў катэгарычна адмовіўся распавядаць пра вынікі сваіх перамоваў у Багдадзе.

(Міронаў: ) “Не, я вам нічога не скажу, прабачце, калі ласка”.

Між тым, адзін зь беларускіх журналістаў, які зьбіраўся 7 сакавіка адляцець у Багдад і ў пашпарце якога стаіць нявыкарыстаная ірацкая віза, штодня тэлефануе ў ірацкую амбасаду з пытаньнем: ці зьбіраецца амбасада выканаць сваё абяцаньне? Сёньня яму адказалі, што, магчыма, паездка адбудзецца дзён празь дзесяць.