АМБАСАДАР РАСЕІ АБВЯРГАЕ ЧУТКІ ПРА ЎДЗЕЛ У ПАЛІТЫЧНАЙ ЗМОВЕ І КЛАПОЦІЦЦА ПРА ЭФЭКТЫЎНАСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Ганна Соусь, Менск

Амбасадар Расеі Аляксандар Блахін пэрыядычна сустракаецца з прадстаўнікамі расейскіх фірмаў, якія працуюць у Беларусі — нафтавых, страхавых кампаніяў, банкаў. Першая сустрэча адбылася ў расейскай амбасадзе, другая — у прадстаўніцтве “Лукойлу”, трэцяя — у банку “Минск–Масква”. Гэта стала падставаю для рознага кшталту чутак наконт таго, што амбасадар займаецца ня толькі дыпляматычнай працаю.

Аляксандар Блахін абверг гэтыя цьверджаньні. Паводле яго, калі падчас гутарак выяўляюцца нейкія сыстэмныя праблемы для расейскага бізнэсу, то ў амбасады ёсьць магчымасьці паставіць гэтыя пытаньні перад расейскім і беларускім урадамі.

У беларускіх і расейскіх мэдыях зьяўлялася таксама інфармацыя пра тое, што расейскі амбасадар нібыта бярэ ўдзел у палітычнай змове, якая мае на мэце зьмену ўлады ў Беларусі. Аляксандар Блахін на гэта адказаў:

(Блахін: ) “Было б дзіўным, каб амбасадар не сустракаўся з прадстаўнікамі расейскага бізнэсу, зь іншымі амбасадарамі. Што тычыцца амбасадара ЗША, то ў мяне зь ім сапраўды добрыя дачыненьні. Што тут дрэннага? Уявіце, прыехаў расейскі амбасадар — з амбасадарамі й бізнэсоўцамі не сустракаецца... Кіраўніка парлямэнту павіншаваў з днём народзінаў — гэта ўвогуле крымінал? У парлямэнт ня ходзіць — нельга... Адзінае, што мяне ў гэтым артыкуле непакоіць — тая выснова, што была зробленая — спроба пасварыць нашых прэзыдэнтаў. Мяне зьдзіўляе пазыцыя першага беларускага каналу — абапіраючыся на гэтыя прыдумкі ў “Панараме” гавораць нейкія відавочныя глупствы. Шчыра кажучы, сорамна за тэлевізію”.

Расейскі амбасадар прыгадаў выпадак, калі на БТ яго запрасілі на інтэрвію, а ён паставіў умову жывога эфіру, і здымкі не адбыліся. Аляксандар Блахін гэтаксама скрытыкаваў тое, як праграмы ОРТ мяняюць сюжэтамі ОНТ, параўнаўшы гэта з тым, калі “мэрсэдэсу” ставяць бампер “запарожца” або наадварот.

Амбасадар даў невысокую адзнаку працэсу прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў расейскімі бізнэсоўцамі.

(Блахін: ) “Працэс ідзе цяжка. Тут было шмат выказваньняў, у тым ліку й Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў, што “мы ўсталёўваем планку, і хто яе пераадолее, той будзе ўдзельнічаць”. Але ёсьць праблема, якой вышыні планка. Калі на вышыні 10 мэтраў, то зразумела, што ніхто не пераскочыць. Справа ў тым, што ўмовы, якія выстаўляе беларускі бок у справе прыватызацыі асноўных прадпрыемстваў, мы ацэньваем як малапрывабныя”.

Паводле Аляксандра Блахіна, ня так істотна, хто стане ўласьнікам беларускага прадпрыемства — расейцы, амэрыканцы, японцы... галоўнае, каб прадпрыемства працавала эфэктыўна. Да таго ж, — зазначыў амбасадар, — чым больш будзе зацягвацца працэс прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, тым менш цікавымі яны будуць для расейскіх бізнэсоўцаў.