Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна з кветкамі сустракала вызваленага з Асіповіцкай спэцкамэндатуры Міколу Маркевіча. Пасьля віншаваньняў яна сказала ў інтэрвію нашаму радыё:
(Літвіна: ) “Па-першае, канечне, мае словы віншаваньня Міколу, бо гэта ўсё-ткі палёгка. Я думаю, што гэта такі момант, які сьведчыць, што набліжаецца час ягонага вяртаньня да прафэсійнай дзейнасьці, да журналістыкі, і за яго толькі можна парадавацца. З другога боку, па-ранейшаму застаюцца адбываць сваё пакараньне нашыя калегі Віктар Івашкевіч і Павал Мажэйка, таму нашае сёньняшняе сьвята, наша сёньняшняя радасьць крыху азмрочаная тым, што мы ня можам усіх нашых траіх калегаў сёньня сустракаць і віншаваць і радавацца за тое, што найгоршыя часы для іх прайшлі. Мы па-ранейшаму працягваем акцыю, працягваем патрабаваць адмены рашэньняў гэтых судоў, па-ранейшаму лічым іх абсалютна несправядлівымі, і гэтыя рашэньні вельмі жорсткія і нецывілізаваныя. І будзем чакаць лепшага часу, калі зможам усіх траіх сустракаць і віншаваць”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, якая была галоўная прычына таго, што сп. Маркевічу зьмянілі меру стрыманьня?”
(Літвіна: ) “Я думаю, што асноўная прычына – гэта сапраўды тое, што прайшла трэцяя частка таго тэрміну, на які ён быў асуджаны, гэта па-першае, ну і па-другое, мы сапраўды шмат клопату надавалі мясцоваму кіраўніцтву сваімі наведваньнямі, сваімі патрабаваньнямі... Хаця нейкіх ілюзій, што гэта вынік нашых змаганьняў за адмену рашэньня суду, гэтых ілюзій у нас няма, і абсалютна зразумела, што прысуд застаўся у сіле, проста ёсьць палёгка ў адбываньні гэтага пакараньня”.
Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў гаворыць, што яна і яе калегі будуць рабіць усё, каб і асуджаныя Павал Мажэйка ды Віктар Івашкевіч як мага хутчэй апынуліся на свабодзе.