Людзі сталага веку й моладзь аднолькава часта згадвалі пра злачынствы Іосіфа Сталіна і пра тое, што вяртаньне сталінізму ў Беларусі немагчымае. Пэнсіянэры таксама ўзгадвалі дзень 5 сакавіка 1953 году.
(Спадарыня: ) “Калі Сталін памёр, я працавала на фабрыцы. Насілі ягоны партрэт вакол фабрыкі й вельмі шкадавалі ды плакалі. Здавалася, што канец сьвету прыйшоў. Тады мала што ведалі й нам было добра”.
(Карэспандэнтка: ) “Нешта падобнае магчымае ў Беларусі?”
(Спадарыня: ) “Немагчымае. Таму, што ўжо ўсё перажылі і надалей такое рабіць ня трэба. Гэта немагчыма”.
(Карэспандэнтка: ) “Якое ў вас меркаваньне пра асобу Сталіна, і ці магчымае нешта падобнае зараз?”
(Спадар: ) “Гэта фігура, безумоўна. Калі б не было асобы, то не было бы і культу. На мой погляд, гэта адмоўная фігура, і вяртаньня да сталінізму быць ня можа”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма ў Беларусі паўтарэньне сталінізму?”
(Спадар: ) “Не. Улада зьмянілася і цяпер іншы рэжым”.
(Спадар: ) “Гэта адмоўная фігура і ў гісторыі Беларусі, і ўсяго сьвету. Таму што мае бацькі пакутавалі ад гэтага — і дзед, і прадзед… І такога здарыцца ня можа: іншы час, іншыя абставіны. Нейкі фарс магчымы, але ў поўнай меры гэтага здарыцца ня можа”.
Аднак кепска пра Сталіна казалі ня ўсе. Былы афіцэр унутраных войскаў заявіў, што паважае й шануе памяць правадыра, хоць у паўтарэньне сталінізму і ня верыць.
(Спадар: ) “Я быў у Маскве ў гэты час, быў вайскоўцам і браў удзел у пахаваньні Сталіна. Я ня ведаю — колькі там загінула людзей, але двух я ведаю: гэта афіцыянтка з нашай сталоўкі, а таксама сын аднаго выкладчыка. Пры ўсіх ягоных недахопах, якія я ведаю, але ня буду пералічваць, я лічу, што гэта была найвыдатная асоба. А людзі ўсюды гінулі, дарагія мае”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымая падобная асоба і падобныя падзеі сёньня?”
(Спадар: ) “Падобнае? Такой думкі не дапускаю. Гэта немагчыма нешта падобнае. Не, не…”
Значная частка апытаных казалі, што ня маюць сумневу ў адмоўнай ролі Сталіна, бо нават іхныя сваякі пацярпелі ад рэпрэсіяў. І яны не выключаюць, што рэванш сталінізму ў Беларусі магчымы.
(Спадарыня: ) “У мяне бацьку растралялі, і разам з тым, калі Сталін памёр — я плакала. Нагэтулькі ўсе мы былі, як цяпер кажуць, “замбіраваныя”. І толькі цяпер, калі прайшло гэтулькі часу, я разумею, што тое было нешта страшнае”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымы рэванш сталінізму ў Беларусі?”
(Спадарыня: ) “У той форме, якой быў — гэта немагчыма. Але ўсё адно элемэнты таталітарызму ў нас, у Беларусі, ёсьць”.
(Спадар: ) “Я бы сказаў, што гэта адназначна адмоўная асоба. Я ні разу ня чуў, каб пра Сталіна гаварылі нешта добрае. Дома ёсьць кніга “Арыштаваць у Крамлі” і ў ёй апісаныя ўсе гэтыя арышты, катаваньні — да гэтага няма чаго дадаць. А наконт рэваншу можна сказаць, што тэндэнцыі ёсьць”.
(Спадар: ) “Я вельмі адмоўна стаўлюся да гэтай асобы, бо ён вельмі шмат гора прынёс нашаму народу. Так, мае бацькі пацярпелі ад гэтага рэжыму, другія блізкія”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма ў Беларусі нешта падобнае сёньня?”
(Спадар: ) “Я думаю, што ў гэтым жыцьці ўсё магчыма”.
Так пра асобу Сталіна і сталінізм выказваліся мінакі на вуліцах Менску.