МЭР БАГДАДУ ПРЫВЁЗ БЕЛАРУСКАМУ КІРАЎНІЦТВУ ПРЫВІТАНЬНЕ АД САДАМА ХУСЭЙНА

Валер Каліноўскі, Менск

Аднан Абед Хамед сьцьвярджае, што ў Багдадзе “ўсё спакойна”, але жыхары “гатовыя памерці”, баронячыся ад магчымага нападу ЗША. Разам з гэтым ён заклікаў амэрыканскае кіраўніцтва да “гуманнага вырашэньня” канфлікту. Афіцыйная Беларусь застаецца адзіным саюзьнікам рэжыму Садама Хусэйна ў Эўропе, і мэр Багдаду прывез “прывітаньне й найлепшыя пажаданьні” беларускаму кіраўніцтву ад Садама Хусэйна:

“Беларусы — сяброўскі народ, які нас падтрымлівае ў нашым становішчы неабвешчанае вайны з ЗША. І наш візыт у Беларусь паводле наўпростага ўказаньня Садама Хусэйна сьведчыць, наколькі ён паважае беларускі народ і ягонае кіраўніцтва”, — заявіў мэр Багдаду.

На сустрэчы са старшынём Менскага гарвыканкаму мэр Багдаду зазначыў, што Ірак з энтузыязмам ставіцца да эканамічных стасункаў з Беларусьсю і што гэта пазыцыя самога Садама Хусэйна. “Мы вам патрэбныя і вы нам вельмі патрэбныя”, — заявіў спадар Аднан.

Паводле яго словаў, мэрыя Багдаду цяпер працуе ў надзвычайным рэжыме. З 1990 году не быў выкананы ніводны праект у галіне водазабесьпячэньня, і ў асобных раёнах гораду адчуваецца дэфіцыт пітной вады. Каля 20% сьцёкавых водаў Багдаду не апрацоўваюцца сыстэмаю ўтылізацыі. Каналізацыя састарэла і патрабуе замены, гораду патрэбныя машыны для ўборкі ды колькі асфальтавых заводаў... І мэр Багдаду прапануе беларусам узяць удзел у вырашэньні гэтых праблемаў. А ўсе прапановы беларусаў, якія выйдуць за рамкі ягонае кампэтэнцыі, спадар Аднан абяцаў пераказаць вышэйшаму кіраўніцтву краіны.

Кіраўнік менскай гарадзкой “вэртыкалі” Міхаіл Паўлаў запэўніў багдадзкую дэлегацыю, што ён гатовы паслаць спэцыялістаў у Ірак для ўкараненьня адпаведных тэхналёгіяў і рэалізацыі супольных праграмаў, ухваленых кіраўніцтвам краінаў.

Міхаіл Паўлаў таксама пахваліўся надзвычай хуткім абраньнем менскага гарсавету і заявіў, што ў Беларусі, і ў Менску ёсць моцная ўлада. Праўда, з апісаньняў спадара Аднана вынікала, што ў Багдадзе ўлада яшчэ больш моцная.

Акрамя таго, цікава было заўважыць, як ахвотна высокапастаўленыя ірацкія чыноўнікі йшлі на кантакт з журналістамі. Гэта як бы частка дыпляматычнай піар-кампаніі з боку ірацкага кіраўніцтва напярэдадні магчымых вайсковых дзеяньняў з боку ЗША і Вялікай Брытаніі. Дае інтэрвію СМІ сам Садам Хусэйн, выступаюць перад прэсаю і ягоныя чыноўнікі. І гэты візыт, як лічаць многія назіральнікі, меў на мэце перш за ўсё прапагандысцкі эфэкт.