КАМАНДАВАНЬНЕ НАТО ПЛЯНУЕ ПЕРАСУНУЦЬ ВАЕННЫЯ БАЗЫ ЗЬ НЯМЕЧЧЫНЫ ВА ЎСХОДНЮЮ ЭЎРОПУ

Віталь Тарас, Прага

Паводле плянаў генэрала Джонса, амэрыканская прысутнасьць у Нямеччыне будзе скарочаная, а войскі будуць адпраўленыя на менш буйныя і больш танныя базы на тэрыторыі краінаў Усходняй Эўропы – такіх як Польшча, Баўгарыя і Румынія, бо яны ляжаць бліжэй да раёну цяперашніх канфліктаў. Джэймс Джонс удакладніў, што гэтыя пляны знаходзяцца толькі ў самай пачатковай стадыі. Тым ня менш, сёлетняй вясной ён наведае зь візытамі краіны, якія зьбіраюцца стаць сябрамі НАТО, каб паінфармаваць іх аб гэтых прапановах.

Як піша “Іnternational Herald Тribune”, усё гэта адбываецца на тле разыходжаньняў паміж Нямеччынай і ЗША, якія ўсё абвастраюцца. Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы заклікаюць Пэнтагон вывесьці свае войскі зь Нямеччыны, каб пакараць канцлера ФРН Гергарда Шрэдэра за ягоную адмову падтрымаць магчымую ваенную інтэрвэнцыю ЗША ў Іраку. Генэрал Джонс падкрэсьлівае, што ягоныя пляны ніяк не зьвязаныя з ростам напружанасьці паміж сябрамі Паўночна-Атлянтычнага Альянсу. Акрамя таго, пляны не былі яшчэ афіцыйна ўхваленыя міністрам абароны ЗША Доналдам Рамсфелдам.

Між тым, у панядзелак нямецкая газэта “Die Welt” напісала, што меркаваныя скарачэньні моцна паўплываюць на лёс гораду Гайдэльбэрг, дзе разьмешчаны штаб сухапутных сілаў ЗША ў Эўропе. Усяго ў Нямеччыне зараз 78 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў – многія зь іх зь сем’ямі. У такіх гарадах, як Гайдэльбэрг альбо Кайзэрсляўтэрн блізу авіябазы Рамштайн, амэрыканскія жаўнеры адыгрываюць выключна важную ролю для мясцовай эканомікі.

Міністар абароны Баўгарыі, які вярнуўся на мінулым тыдні з паездкі ў Вашынгтон, паведаміў, што ў адказ на падтрымку Баўгарыяй палітыкі Джорджа Буша ЗША, магчыма, створаць на яе тэрыторыі чатыры альбо пяць ваенных базаў.