СЁНЬНЯ – ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МІЛІЦЫІ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных прызналіся, што, калі бачаць міліцыянтаў, не адчуваюць сябе ў бясьпецы. Асабліва асьцерагаецца сустракацца зь міліцыяй моладзь. Маладыя людзі лічаць, што міліцыянты вельмі часта неаб’ектыўна да іх ставяцца, ды гавораць, што ад людзей у форме ніколі ня ведаеш, чаго чакаць. Але й людзі сярэдняга веку ня вельмі давяраюць міліцыянтам:

(Дзяўчына: ) “Адуваю сябе ў небясьпецы, бо міліцыянты мне не падабаюцца”.

(Хлопец: ) “Адчуваем небясьпеку для нашых нырак”.

(Спадар: ) “Шчыра кажучы, ніякай бясьпекі я не адчуваю”.

(Малады чалавек: ) “Калі міліцыянт-афіцэр, то добра сябе адчуваю. А калі бачу трох-чатырох простых паставых, то невядома, чаго ад іх чакаць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы як лічыце?”

(Хлопец: ) “Я стараюся пазьбягаць сустрэчаў зь імі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы бачыце людзей у міліцэйскай форме, якія ў вас узьнікаюць пачуцьці? Вы адчуваеце сябе ў бясьпецы ці ў небясьпецы?”

(Спадар сталага веку: ) “Адмоўныя пачуцьці. Таму, што час і розныя выпадкі паказалі, што найбольш часта я атрымліваю ад іх не дапамогу, а наадварот”.

(Спадарыня: ) “Калі я бачу людзей у міліцэйскай форме, ніякіх асаблівых пачуцьцяў у мяне не ўзьнікае. Залежыць ад таго, як яны сябе паводзяць. Калі я бачу, што яны вядуць п’янага — то ўражаньне, што не заўважаюць сапраўдных парушальнікаў, а чапляюцца да п’яніц”.

(Спадар: ) “Сам бачыў, калі на вакзале адбывалася бойка, а міліцыянты проста праходзілі побач. Каб яны зьвярталі на бойкі ўвагу, было б усё добра. А тое, што іх шмат, яшчэ не азначае, што на вуліцы бясьпечна”.

(Хлопец: ) “Адчуваю небясьпеку, бо ня ведаю, чаго ад іх чакаць”.

(Дзяўчына: ) “Нічога не адчуваю, адзінае — іх занадта шмат”.

Тых, хто бачыць у міліцыянтах сваіх абаронцаў было значна менш:

(Дзяўчына: ) “Вельмі часта сустракаю на вуліцы гэтых людзей у форме. Я адчуваю сябе ў бясьпецы. Веру у іх абарону”.

(Пэнсіянэр: ) “Адчуваю бясьпеку, яны ахоўваюць нас”.

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што міліцыя — гэта нейкая абарона. Калі нешта здарыцца, то не застануся без абароны”.

А вось яшчэ адно меркаваньне:

(Дзяўчына: ) “Я нават ня ведаю, як вам адказаць. Я сама ўжо некалькі гадоў нашу міліцэйскую форму, таму я адчуваю, што я бачу свайго калегу”.

Некаторыя мінакі казалі, што выгляд міліцыянтаў увогуле не выклікае ў іх ніякіх эмоцыяў.