Угодкі з дня нараджэньня клясыка нацыянальнай літаратуры мусілі быць адзначанымі яшчэ месяц таму, у дзень нараджэньня Дуніна–Марцінкевіча, 4 лютага. Аднак улады ў асобе кіраўнікоў Міністэрства культуры й віцэ-прэм’ера Дражына пакінулі па-за ўвагай і гэтую падзею, і адмысловы зварот навукоўцаў. Таму дасьледчык творчасьці заснавальніка беларускага тэатру Язэп Янушкевіч мусіў арганізаваць сьвяткаваньні самастойна. Гаворыць Язэп Янушкевіч.
(Янушкевіч:) “Калі б гэта плянавала дзяржава, то мы пад яе й падладжваліся бы. Гэта рабілі людзі, а таму – як атрымалася. І надалей, калі ня будзе ініцыятывы зь дзяржаўных структур, то павінны ў грамадзтве, сярод інтэлігенцыі знаходзіцца тыя людзі, якія й павінныя тварыць культуру. Бо культура робіцца не ў кабінэтах і не ў “авальнай залі”.
Сьвяткаваньні распачаліся ў нядзелю адмысловым набажэнствам у менскім залатагорскім касьцёле, дзе Дунін-Марцінкевіч хрысьціў пяцярых сваіх дзяцей. А ў панядзелак адбыўся круглы стол з удзелам айчынных і замежных навукоўцаў пад назваю “Насустрач 200-годзьдзю: Дунін-Марцінкевіч вядомы й невядомы”. Гаворыць удзельнік сустрэчы, прафэсар Генадзь Кісялёў:
(Кісялёў: ) “Вобразна кажучы, праз чарніліцу Дуніна-Марцінкевіча пралёг шлях усёй беларускай літаратуры 19-га стагодзьдзя”.
Адзначыць угодкі Дуніна–Марцінкевіча прыехалі пяць ягоных прамых нашчадкаў з Польшчы й ЗША. Прапраўнучка драматурга Барбара Чарнавецкая больш за 10 гадоў жыве за акіянам. Беларусь наведала ўпершыню, і вось як узгадвае паездку ў маёнтак Люцынка ў Валожынскім раёне, дзе жыў яе знакаміты продак:
(Чарнавецкая: ) “Доўгія гады я ня ведала, што мой прадзед такі знакаміты беларус, што беларуская – мая мова. Я проста цалавала зямлю й тую ліпу, якую пасадзіў мой прадзед”.
Сьвяткаваньні завершацца ў аўторак урачыстай вечарынай у Доме літаратара. Аднак, паводле Язэпа Янушкевіча, гэта стане толькі пачаткам падрыхтоўкі да 200-х угодкаў з дня нараджэньня Дуніна-Марцінкевіча.