“Дзеля таго, каб быць акрэдытаваным у якасьці міжнароднага назіральніка, трэба атрымаць запрашэньне ў краіну ад адпаведных органаў менавіта ў якасьці міжнароднага назіральніка”, — заявіла Лідзія Ярмошына.
“Ніводзін з гэтых органаў запрашэньня Злучаным Штатам Амэрыкі як дзяржаве альбо амбасадзе ЗША як прадстаўніцтву гэтай дзяржавы не накіроўваў”, — сказала спадарыня Ярмошына й дадала: “Таму ў Цэнтральнай камісіі няма ніякіх юрыдычных падставаў для акрэдытацыі ўказаных асобаў”.
Чаму Цэнтарвыбаркам не скарыстаўся сваім правам запрасіць амэрыканскіх назіральнікаў на мясцовыя выбары, Лідзія Ярмошына не патлумачыла. Паводле спадарыні Ярмошынай, міжнародныя назіральнікі прысутнічаюць на мясцовых выбарах на тых тэрыторыях, дзе, як правіла, толькі што прайшла вайна й дзе міжнародныя назіральнікі — гэта перадусім супрацоўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якія і ёсьць арганізатарамі выбараў.