МІЛІЦЫЯНТ УЖЫЎ СІЛУ СУПРАЦЬ ПЕРШАГА САКРАТАРА АМБАСАДЫ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ МАРЭКА БУДЗЬКА

Альгерд Невяроўскі, Менск

Першы сакратар амбасады Польшчы ў Менску Марэк Будзько позна ўвечары вяртаўся уласнай машынай дадому. Ён ужо заехаў на паркінг перад домам, калі раптам заўважыў міліцэйскую машыну. З машыны выйшаў малады міліцыянт, які запатрабаваў у дыплямата дакумэнты. Спадар Будзько сказаў, што дакумэнты пакінуў у амбасадзе, але назваў міліцыянту імя і пасаду ды нагадаў, што яго абараняе дыпляматычны імунітэт.

Першы сакратар польскай амбасады запатрабаваў, каб супрацоўнік міліцыі прапусьціў яго ў пад’езд. Завязалася спрэчка, і ў пэўны момант міліцыянт заламаў Будзьку рукі й штурхнуў яго на капот машыны. Дыплямат стаў клікаць на дапамогу, а міліцыянт тым часам сеў у машыну і зьехаў.

Марэк Будзько назваў гэты інцыдэнт скандалам і грубым парушэньнем ягонага дыпляматычнага імунітэту. Ня выключана, што ў зьвязку з гэтым здарэньнем амабасада Польшчы накіруе ў Міністэрства замежных справаў Беларусі адмысловую дыпляматычную ноту.