Стварэньне “добраахвотных агітацыйных груп” ёсьць найноўшым віцебскім вынаходніцтвам, упершыню выкарыстаным участковымі камісіямі напярэдадні гэтых мясцовых выбараў.
І паколькі выбарчыя ўчасткі традыцыйна месьцяцца ў школах ды іншых навучальных установах, у лік “добраахвотных агітатараў” найперш трапілі школьныя настаўнікі, якіх прымушае працаваць у вольны час школьная адміністрацыя.
Пра адмысловыя абавязкі, ускладзеныя на “дабраахвотных агітатараў”, або, як іх яшчэ называюць, “добраахвотных памочнікаў выбарчых камісіяў” распавядае настаўніца віцебскай школы №39 Алена Баршчэўская, якая ёсьць таксама незалежным кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарсавету.
(Баршчэўская: ) “Нашым настаўнікам участковыя камісія дае сьпісы выбарцаў ды пасылае праводзіць агітацыю, каб людзі прыходзілі на выбары. Ня мае значэньня, на датэрміновыя ці ў тэрмін, але галоўнае, каб у сьпісе было пазначана, пойдзе чалавек увогуле на выбары ці не! Застаецца толькі здагадвацца, як можна выкарыстаць падобныя зьвесткі…
Я запыталася ў сакратара камісіі, на якой падставе звычайным настаўнікам выдаюцца сьпісы, яны ж не чальцы камісіяў і ня маюць ніякіх правоў… А мне адказалі, што гэта група добраахвотных агітатараў і нават паказалі іхны сьпіс. Там былі прозьвішчы нашых настаўнікаў ды работнікаў домакіраўніцтва.
Пра ўсё гэта я паведаміла ў гарадзкую выбарчую камісію, і там засьведчылі, што я маю рацыю — што ніякіх добраахвотных агітатараў, ніякіх падобных структураў быць не павінна”.
Аднак сёньня такія структуры існуюць, і гарадзкая выбарчая камісія ніякіх захадаў дзеля іхнае ліквідацыі не зрабіла.