АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ АДПАЧЫВАЕ НА ГАРНАЛЫЖНЫМ КУРОРЦЕ – ГЭТЫМ РАЗАМ НЯ Ў АЎСТРЫІ, А КАЛЯ СОЧЫ

Юры Сьвірко, Менск

Летась Аляксандар Лукашэнка раптоўна зьнік зь Беларусі ў сярэдзіне сакавіка. Пра месца адпачынку нічога не паведамлялі. Журналісты знайшлі яго на гарналыжным курорце ў Аўстрыі, каля Інсбруку. Тады было абвешчана, што апрача катаньня на лыжах ён вядзе перамовы з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Аўстрыі ды тамтэйшымі бізнэсоўцамі, каб пабудаваць гарналыжны цэнтар у Раўбічах. Але такога цэнтру пад Менскам пакуль няма, таму Аляксандар Лукашэнка, якому забаронена выдаваць шэнгенскую візу, быў вымушаны паехаць на Каўказ.

Зараз ён жыве ў шыкоўнай гасьцінінцы “Рэдысан САС Лазурная Пік Гатэль”, адрас якой – Сочы, вуліца Абаронцаў Каўказу, 77. Гэта побач са знакамітым курортам “Красная Паляна”. Гатэль знаходзіцца на 550 мэтраў вышэй за ўзровень мора, ён адпавядае ўсім міжнародным стандартам і рэклямуе сябе як “гарналыжны курорт з эўрапейскім мэнэджмэнтам”. Акрамя 5-павярховага корпусу, на тэрыторыі гатэлю ёсьць 6 вілаў люкс. У адной зь іх, як паведамілі нам па тэлефоне з гатэлю, і пасяліўся Аляксандар Лукашэнка.

Зараз на “Краснай Паляне” пік сэзону, які працягнецца да 31 сакавіка. Я папрасіў супрацоўніцу гатэлю назваць мінімальную цану нумару.

(Супрацоўніца: ) “180 даляраў на двух чалавек са сьняданкам і вячэрай”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта стандартны нумар?”

(Супрацоўніца: ) “Гэта стандартны нумар, так. Ёсьць варыянт – нумар “Казанова” (гэта ванна джакузі стаіць у нумары). Нумар каштуе 210 даляраў на двух чалавек. Ёсьць прэзыдэнцкі люкс – 480. І віла. 890 – гэта прэзыдэнцкая віла каштуе”.

(Карэспандэнт: ) “А яна ў вас вольная зараз?”

(Супрацоўніца: ) “Зараз – не. Занятая. Пасьля 10 сакавіка вызваляюцца нумары”.

Як паведамілі прадстаўнікі мэра гораду Сочы, той сустракаў спадара Лукашэнку яшчэ ў панядзелак і пракаціўся зь ім на лыжах. Гэта ў Расеі цяпер прэзыдэнцкі від спорту. Але ў выпадку, калі ў Сочы будзе кепскае надвор’е ці Аляксандар Лукашэнка захоча ўзгадаць ельцынскія часы, да ягоных паслугаў тэнісны корт гатэлю.