ЗАЯВА ЖАКА ШЫРАКА ВЫКЛІКАЕ КРЫТЫКУ ЎСХОДНЕЭЎРАПЕЙСКІХ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ

Кастусь Бандарук, Прага

“Як мастак я – эўрапеец”, – кажа ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, вугорскі пісьменьнік Імрэ Кертэс. Аднак ён поўны сымпатыі да ЗША, якія вызвалілі яго з канцэнтрацыйнага лягеру ў Бухэнвальдзе, а Вугоршчыне дапамагалі вызваліцца ад камунізму. “Свабода ў часе халоднай вайны і затым разьвіцьцё дэмакратыі не былі б магчымыя без амэрыканскай апекі”. Кертэс адзначыў, што ЗША дапамаглі Эўропе вызваліцца ад дзьвюх дыктатураў, а Нямечччына павінна быць асабліва ўдзячная Амэрыцы.

Кертэс, гэтак як і іншыя эўрапейскія інтэлектуалы, неахвоча стае на адзін з бакоў у спрэчцы, якая падзяліла старых саюзьнікаў. Аднак яны ня могуць не адрэагаваць на заяву Жака Шырака. Дараднік былога прэзыдэнта Чэхіі – Вацлава Гавэла – Іжы Пэгэ лічыць, што прэзыдэнт Францыі агучыў тое, што краіны-кандыдаты адчувалі і раней: што яны не далучаюцца да Эўразьвязу на роўных правох. Пэгэ ды іншыя эўрапейскія інтэлектуалы лічаць, што некарэктна прымушаць ўсходнеэўрапейскія краіны выбіраць паміж ЗША і Заходняй Эўропай.

“Я заўсёды быў праамэрыканскім, і адсюль аўтаматычна праэўрапейскім”, – кажа былы польскі дысыдэнт, дырэктар тэатру Кшыштаф Чыжэўскі. Калі пасьля 1989-га году ён пачаў часьцей бываць на Захадзе, дык з прыкрым для сябе зьдзіўленьнем заўважыў, што ў Заходняй Эўропе ўзмацняюцца антыамэрыканскія настроі. Палякі ня могуць забыцца пра тое, што ў 1945 годзе Заходняя Эўропа прадала іх Сталіну ў Ялце. “Менавіта таму сп. Шырак ня мае права павучаць, асабліва тыя краіны, якія самі вызваліліся з-пад таталітарнага рэжыму”, – лічыць Кшыштаф Чыжэўскі.

Крытычна пра заяву Жака Шырака выказаўся таксама прафэсар Кракаўскага ўнівэрсытэту Анджэй Капішэўскі. Словы Шырака нагадваюць яму тое, што палякі чулі ад Крамля цягам амаль 50 гадоў: маўляў, вы для нас ня роўныя партнэры, вы нічога ня можаце рабіць самастойна, вы – краіна другой катэгорыі.

Шмат якія румыны таксама незадаволеныя словамі францускага прэзыдэнта, – адзначаецца ў “International Herald Tribune”. “Румыны заўсёды лічылі французаў сваімі найбліжэйшымі эўрапейскімі сябрамі, і вельмі прыкра, калі сябра гаворыць да цябе такім тонам”, – заявіў румынскі бізнэсовец Матэі Паўн.

Гісторык і філёзаф родам з Баўгарыі Цьветан Тодараў, які ўжо 40 гадоў жыве ў Францыі, лічыць, што трохі рацыі маюць абодва бакі. “Калі б я жыў у Баўгарыі, я ўпэўнены, што ў выпадку непасрэднай пагрозы з боку Расеі абараніць нас маглі б толькі Злучаныя Штаты. З другога боку, як заходні эўрапеец я разумею раздражнёнасьць Жака Шырака”, – кажа Тодараў. У кожным разе, ірацкі крызыс выразна паказаў, як далёка яшчэ да палітычнага і ваеннага адзінства ў Эўропе.

Газэта “International Herald Tribune” цытуе таксама чэскага пісьменьніка Івана Кліму. Ён лічыць, што пазыцыя Заходняй Эўропы ў патыньні Іраку “трохі болей разумная і рэалістычная, чым пазыцыя ЗША”. Аднак Кліма перакананы, што ў ніякім разе нельга ставаць на баку Эўропы супраць Амэрыкі або наадварот. “Мы павінны скарыстаць гэты момант, каб сумесна працаваць на адным баку”.