АМБАСАДАР ГАЙКЕН ХОЧА СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ З УЛАДАМІ І ГРАМАДЗТВАМ БЕЛАРУСІ

Валер Каліноўскі, Менск

За тыдзень сваёй працы ў Менску Эбэргарт Гайкен пасьпеў сустрэцца зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым, памочнікам А.Лукашэнкі Ігарам Ляшчэнем, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Хацеў бы ён сустрэцца і з А.Лукашэнкам. Спадар Гайкен ужо атрымаў пацьверджаньне, што такая сустрэча, верагодна, адбудзецца, праўда, няхутка.

Амбасадар Гайкен заявіў, што новы офіс АБСЭ гатовы кантактаваць з прадстаўнікамі ўсіх палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў ды прымаць са скаргамі асобных грамадзянаў.

Спадар Гайкен на сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі быў надзвычай дыпляматычны, пазьбягаў рэзкіх ацэнак і ўсяляк падкрэсьліваў схільнасьць да супрацоўніцтва, казаў, што крытычны пэрыяд у адносінах АБСЭ і Беларусі мінуў і пачынаецца новая старонка:

(Гайкен: ) “Таму я буду імкнуцца ўсталяваць атмасфэру даверу і ўзаемапавагі ды працаваць у духу шчырасьці. Беручы да ўвагі цяжкі пэрыяд ва ўзаемаадносінах, перажыты Беларусьсю і АБСЭ, я ўпэўнены, што абодвум бакам патрэбны пэрыяд спакою, стабілізацыі і ўмацаваньня адносінаў. Але дасягненьне гэтых мэтаў не заўсёды будзе лёгкай задачай, улічваючы складанасьць грамадзтва і праблемаў, што стаяць перад ім”.

Гаворачы пра паўнамоцтвы новага офісу АБСЭ, Эбэргарт Гайкен падкрэсьліў, што яны “падобныя і нават ідэнтычныя” да тых паўнамоцтваў, якія мела КНГ АБСЭ пад кіраўніцтвам амбасадара Віка, дзейнасьць якога ён ацэньвае высока. Новы офіс АБСЭ будзе адсочваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і спрыяць дэмакратызацыі краіны.

У прыватнасьці, спадар Гайкен спадзяецца правесьці назіраньне за мясцовымі выбарамі 2 сакавіка і падрыхтаваць справаздачу аб узроўні іх дэмакратычнасьці. Але ён паведаміў, што беларускія ўлады да гэтага часу не накіравалі запрашэньні на выбары прадстаўнікам Бюро ў справах дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ.

Новы мандат офісу АБСЭ прадугледжвае і супрацоўніцтва з уладамі ў галіне эканомікі і экалёгіі. Гэтыя пункты ўключаныя па ініцыятыве афіцыйнага Менску. Спадар Гайкен у сувязі з гэтым падкрэсьліў, што АБСЭ ня можа дубляваць міжнародныя эканамічныя і фінансавыя інстытуты. Аднак пра канкрэтныя праекты пакуль размовы няма.

Не ўсталяваны і мэханізм супрацоўніцтва офісу АБСЭ з уладамі, але спадар Гайкен мяркуе, што, магчыма, у МЗС зьявіцца асобны супрацоўнік, адказаны за сувязі з прадстаўніцтвам АБСЭ, што можа быць створаная адмысловая рабочая група з супрацоўнікаў розных міністэрстваў і ведамстваў. Спадар Гайкен адверг патрабаваньні беларускіх уладаў аб зацьверджаньні імі праектаў офісу АБСЭ:

(Гайкен: ) “Патрэба ў кансультацыях з уладамі не ўключае ў сябе неабходнасьці ўхваленьня. Кансультацыі дапамогуць інфармаваць адзін аднаго пра намеры, мэты і ўмовы праектаў. Але яшчэ раз падкрэсьлю, што кансультацыі не ўключаюць патрэбу ў зацьверджаньні”.

Закрыцьцё КНГ сталася прычынай візавых санкцыяў у адносінах да кіраўніцтва Беларусі з боку 14 краінаў Эўразьвязу і іншых дзяржаваў. Амбасадар Гайкен выказаў сваё меркаваньне пра магчымасьць скасаваньня гэтых санкцыяў:

(Гайкен: ) “Візавыя забароны могуць быць зьнятыя, калі Венскае пагадненьне аб офісе АБСЭ будзе цалкам ажыцьцёўленае. Гэта значыць, што прынамсі палова міжнародных супрацоўнікаў пачнуць выконваць свае абавязкі ў Менску, і што будуць створаныя неабходныя ўмовы для эфэктыўнай працы офісу АБСЭ, і я як яго кіраўнік пасьля пэўнага пэрыяду часу змагу дакласьці гэта. АБСЭ гатовая адэкватна адказаць на пазытыўныя крокі зь беларускага боку”.