АБВЕСЬЦІЎ ГАЛАДОЎКУ ЗЬМІЦЕР ІВАНОЎСКІ — КІРАЎНІК РУХУ “ГАРАДЗЕНСКІ ВЫБАР”

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Суд вырашыў, што гэта быў несанкцыянаваны мітынг, і што Зьміцер Іваноўскі актыўна ў ім ўдзельнічаў. Некалькі месяцаў таму Іваноўскага пакаралі арыштам на 10 сутак за ўдзел у ланцугу неабыякавых людзей, гэта суд таксама ўлічыў. Таму пакараньне максымальнае — 15 сутак. Тады арыштаваны галадаў за кратамі й зьбіраецца галадаць цяпер.

Абодва разы судзіў яго судзьдзя Дземчанка. Ён некалькі гадоў караў удзельнікаў апазыцыйных акцыяў. Адміністрацыйная справа Іваноўскага для Дземчанкі апошняя, ён пераходзіць у шэрагі агульных судзьдзяў.

Учора і сёньня падчас суду над Іваноўскім судовы будынак узмоцнена ахоўвала міліцыя. Ягоны арышт хутчэй за ўсё адаб’ецца на далейшых дзеяньнях прадпрымальнікаў. Спадар Іваноўскі прадстаўляў іхныя інтарэсы на перамовах з уладамі, а таксама займаўся каардынацыяй дзеяньняў страйкоўцаў.

Частка прадпрымальнікаў заплаціла падаткі, і зладжанай акцыі можа не атрымацца. Рашучасьць страйкаваць зьменшыла ўлётка Валерыя Леванеўскага, шырока распаўсюджаная на рынках. Ён заклікаў адкласьці страйк на няпэўны тэрмін.

Тыя, хто галасаваў за страйк, вырашылі 3 лютага зноў сабрацца на пляцы Леніна, каб нагадаць уладам пра свае патрабаваньні. Аднак Зьмітра Іваноўскага сярод іх ня будзе.