“ЯНЫ БЫЛІ Ў АДНЫМ ШЭРАГУ З “BEATLES”, “ROLLING STONES”

Ул. інф.

(Данчык: ) “Для тых, хто слухаў рок-музыку ў 1970-х гадох, “Песьняры” былі ў адным шэрагу з “Beatles”, “Rolling Stones”... Яны зрабілі вельмі значны ўплыў на музыку. Я канечне быў вельмі шакаваны гэтай навіной... што Мулявін памёр. Бо нядаўна былі з Масквы весткі, што ён папраўляецца...

Ягоная заслуга хіба найбольш у тым, што ён проста вынес на міжнародную арэну беларускую песьню. Нават у Нью-Ёрку, як яны прыяжджалі – я яшчэ вельмі добра гэта помню, у 1977 годзе, здаецца, – яны на Брадвэі выступалі, дык яны прыяжджалі з эстрадай такой, там былі розныя, ня толькі “Песьняры”, але вельмі хутка пасьля таго як адкрылі гэты спэктакль, яго зачынілі, бо крытыкі ў Нью-Ёрку зганілі ўсіх, апроч “Песьняроў”, а іх вылучылі. Маўляў, што калі б яны самі прыехалі, дык гэта зусім інакш было б.

Яны тады вялікае ўражаньне зрабілі на нью-ёркскіх крытыкаў. Вельмі арыгінальны быў гук. Я наагул калі першы раз пачуў “Песьняроў”, дык гэта было такое нешта своеасаблівае, і ў адрозьненьне ад іншых поп-групаў – на маё вуха – яны былі вельмі... Па-першае, цудоўныя галасы, і Мулявіна, і Барткевіча, і потым гэтыя аранжыроўкі – яны здаваліся вельмі складанымі, з рознымі такімі трох-, чатырохчастковымі гармоніямі, шмат інструмэнтаў, скрыпкі, цымбалы... Яны былі нашмат больш скамплікаваныя, чым, скажам, нават “Beatles”.

Я пачуў іх першы раз, калі мне было 12 гадоў, і ясна, што мая арыентацыя як жыхара Амэрыкі была на заходнюю музыку, але адразу як я іх паслухаў – я ўжо тады трошкі сьпяваў – адразу захацеў сьпяваць менавіта вось тыя песьні, што “Песьняры” выконвалі, і тады ўжо беларускія песьні ўвайшлі ў мой рэпэртуар. І пазьней усё, што яны запісвалі, я гэтыя плыткі купляў і што мог завучваў і сам сьпяваў. Вельмі цікавае было, што калі яны ў Нью-Ёрк прыяжджалі, я Мулявіну сказаў, што я сьпяваю ўсе іх песьні, а ён сказаў: “Так, мы ведаем, бо мы маем кружэлку тваю”, і ён казаў: “І дзе ты ўзяў гэтую песьню – “Беларусачка”, гэта ж такая цудоўная песьня!” Гэта не “Песьняры” сьпявалі, нейкая савецкая жанчына сьпявала, але яны тады быццам бы ад мяне “Беларусачку” навучыліся... Хоць адну песьню яны ад мяне ўзялі.

Я думаю, што такім людзям, як ён, нават сьмерць не дае забыцца. Ягоныя творы, запісы будуць жыць і ягоная музыка, ягоныя кампазыцыі, аранжыроўкі будуць стандартам дасканаласьці. Такія зоркі ніколі ня гаснуць. Нават сьмерць ня можа іх патушыць”.