БЕЛАРУСЫ ЗАСТАЮЦЦА Ў РАСЕІ ЛЮДЗЬМІ ДРУГОГА ГАТУНКУ

Ганна Соусь, Менск

Падчас нядаўняга знаходжаньня ў Менску расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін пацьвердзіў, што на беларусаў не распаўсюджваюцца новыя жорсткія правілы расейскага закону аб замежніках. Але дакумэнтальнага пацьверджаньня гэтага беларусы дагэтуль не атрымалі. Гаворыць кіраўнік пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Міхаіл Пецюль:

(Пецюль: ) “Пацьверджаньня няма, але так яно й ёсьць. Я ж няе маю права ня верыць такім кіраўнікам як прэзыдэнт Расеі й міністар унутраных справаў. Слушна?”

Начальнік пашпартна-візавай службы Міхаіл Пецюль паведаміў нашаму радыё, што зараз беларусы абмяркоўваюць з расейцамі магчымасьць увядзеньня міграцыйных картак і ў Беларусі, каб выдаваць іх замежнікам і асобам без грамадзянства, якія накіроўваюцца празь Беларусь у Расею.

У фэдэральнай міграцыйнай службе Расеі запэўнілі, што ўсім адпаведным службам ужо разасланая інфармацыя пра тое, што беларусам ня трэба запаўняць міграцыйныя карткі. Гаворыць галоўны спэцыяліст дэпартамэнту міграцыйнага кантролю Веніямін Еўдакімаў:

(Еўдакімаў: ) “Правіла ўжо дзейнічае. Дакумэнтальна гэта пацьвярджаецца. Цяпер усё, беларусы прыяжджаюць, і міграцыйная картка ім непатрэбная”.

Але як гэта рэалізуецца на практыцы? Я зьвярнулася ў пашпартна-візавае ўпраўленьне маскоўскай міліцыі й запытала, ці трэба беларусам запаўняць міграцыйныя карткі.

(Дзяжурны: ) “Міграцыйныя карткі? Вам усё роўна трэба будзе ў АВІР зьвяртацца й атрымліваць дазвол на часовую рэгістрацыю”.

(Карэспандэнтка: ) “А саму міграцыйную картку беларусам напэўна ня трэба запаўняць?”

(Дзяжурны: ) “А хто вам сказаў, што ня трэба?”

(Карэспандэнтка: ) “Пуцін заяўляў, што беларусам не спатрэбяцца міграцыйныя карткі”.

(Дзяжурны: ) “Усё роўна вам трэба будзе зьвяртацца ў АВІР, а там у ваш пашпарт паставяць нейкую пячатку. У любым выпадку, вы павінны атрымаць рэгістрацыю”.

Пра тое, як адбываецца сам працэс рэгістрацыі, распавядае грамадзянка Беларусі дызайнэрка Іна Калпашнікава. Ужо некалькі гадоў яна жыве й працуе ў Маскве.

(Калпашнікава: ) “Там зараз шмат фірмаў, якія займаюцца рэгістрацыяй. Гэтая паслуга каштуе мінімум 15, максымум 20 даляраў. Даеш фотаздымкі й ксэракопію пашпарту, і на наступны дзень атрымліваеш рэгістрацыю. Магчыма, што яна ліпавая. Там нават магчыма купіць другі пашпарт з прапіскай і расейскім грамадзянствам.

Спачатку я рабіла добрую рэгістрацыю, але гэта была такая цяганіна. Трэба было выкінуць з жыцьця тры дні дакладна, каб адседзець у чэргах. Ніхто з маіх знаёмых гэтыя міграцыйныя карткі пакуль не афармляў, і некаторыя мае знаёмыя жывуць нават без рэгістрацыі. А паколькі гэтыя міграцыйныя карткі толькі ўводзяць, трэба яшчэ паглядзець, як іх будуць правяраць, і дзеля чаго яны патрэбныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адчуваюць сябе беларусы ў Расеі замежнікамі?”

(Калпашнікава: ) “Вядома. Гэтае праяўляецца, як правіла, калі ты ўладкоўваесься на працу. Якім бы ты ні быў выдатным прафэсіяналам, ты для іх усё роўна чалавек другога гатунку”.