РЭАЛІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-ГАЛЯНДЗКАЙ САЦЫЯЛЬНАЙ ПРАГРАМЫ СУСТРАКАЕ БЮРАКРАТЫЧНЫЯ ПЕРАШКОДЫ

Галіна Абакунчык, Менск

Паводле ўмоваў беларуска-галяндзкага праекту, айчынныя ўлады мусілі знайсьці памяшканьні для цэхаў, працаўладкаваць інвалідаў і плаціць ім заробкі. Галяндцы абавязаліся пастаўляць абсталяваньне й тэхналёгіі. Аднак зь беларускага боку гэты праект сустрэў шэраг перашкодаў.

Да прыкладу, незалежна ад прыбыткаў працаўнікі-інваліды мусяць атрымліваць па 80 тысяч рублёў. Пасьля вылічэньня падаткаў заробак зьмяньшаецца да 50 тысяч. Аднак й гэтыя мізэрныя грошы не выплачваюць ужо тры месяцы. Інваліды-цырульніцы менскага Цэнтру сацыяльных работ Сьвятлана й Алена кажуць, што з-за гэтага намерваюцца пакінуць працу.

(Сьвятлана: ) “Тут працуюць інваліды, якім цяжка пражыць на пэнсію 30 тысяч. І заробкі па 50 тысяч рублёў не такія вялікія, каб іх не плаціць. Гэта жахліва”.

(Алена: ) “Бывае шмат людзей і шмат працы, і калі пры гэтым ня плацяць заробкі, то гэта жахліва. Канечне, калі будзе так і ў найбліжэйшы час, то лепш адсюль сысьці”.

Акрамя таго, з-за адсутнасьці бюджэтнага фінансаваньня, што прадугледжана праектам, а таксама звычайных бюракратычных недарэчнасьцяў ужо два месяцы адкладваецца адкрыцьцё новага абутковага й пашывачнага цэхаў на 60 працоўных месцаў. Гаворыць дырэктар Цэнтру сацыяльных работ Мікалай Барбашоў:

(Барбашоў: ) “У дзяржаве няма праграмы занятасьці на гэты год. У выніку мы ня можам заключыць домовы з гарадзкім цэнтрам занятасьці на фінансаваньне швейнага і кравецкага цэхаў. Зноў няма грошай. Цяжка вытлумачыць такое стаўленьне да інвалідаў. Ёсьць нюансы, якія цягнуць праект назад”.

Паводле беларуска-галяндзкай праграмы, падтрыманай урадавымі коламі абедзьвюх краінаў, у Беларусі для інвалідаў цягам году павінныя былі быць створаныя 350 працоўных месцаў. Аднак за два гады ў Магілёве, Менску і Горадні разам зьявілася толькі 76. Кіраўнік праекту з боку галяндзкай кампаніі “Nehem Іnternational” Робэн ван дэ Пол, які раней рэпрэзэнтаваў у Беларусі праекты Эўразьвязу, вельмі ўражаны як за апошнія гады ў Беларусі ўзмацніўся бюракратычны ціск:

(Пол: ) “Трэба прызнаць, што мы маем справу зь цяжкім бюракратычным грамадзтвам, дзе стварыць нешта новае вельмі складана. У нас вельмі добрыя стасункі і зь дзяржаўнымі, і з грамадзкімі арганізацыямі Беларусі. Але бюракратычныя правілы, на жаль, вельмі абмяжоўваюць нашую дзейнасьць і ствараюць шмат праблемаў”.

Аднак, паводле ягоных словаў, міжнародныя арганізацыі не зьбіраюцца скасоўваць статункі зь Беларусьсю, якая рана ці позна, але стане сябром краінаў Эўразьвязу.