Дзяржаўныя кантралёры працягваюць буйнамаштабную праверку Саюзу кінэматаграфістаў. Днямі арыштаваныя відэакамэры, мантажныя магнітафоны ды іншая тэхніка, калісьці перададзеная кінэматаграфістам Беларускім ПЭН-Цэнтрам. Паводле рэжысэра Юрыя Хашчавацкага, прадстаўнікі Дзяржкантролю заявілі, што ўсё гэтае абсталяваньне было не належным чынам аформленае, няправільна ўзятае на балянс і г.д.
Юры Хашчавацкі бачыць тры прычыны, паводле якіх дзяржаўныя кантралёры зь ведамства спадара Тозіка праводзяць праверку й арыштоўваюць маёмасьць кінэматаграфістаў:
(Хашчавацкі: ) “З аднаго боку, зьнішчаюцца любыя студыі, што не знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Гэта першая прычына. Другая — тое, што ўлады цяпер хочуць запусьціць некалькі новых беларускіх каналаў, кшталту каналу “Спадчына” ды іншыя. Хутчэй за ўсё, ім проста спатрэбілася апаратура і цяпер яны займаюцца марадзёрствам. Забіраюць усё, што ім можа спатрэбіцца. Гэта другая прычына. А трэцяя наагул сьмешная, але я лічу, што гэта таксама прычына. Камітэту дзяржкантролю, будынак якога суседзіць з будынкам Саюзу кінэматаграфістаў, трэба пашырыцца. Кантралёрам, відаць, спатрэбіўся будынак Саюзу. І Саюз, відаць, згубіць гэты будынак”.
На пачатку гэтага месяца дзяржаўныя кантралёры ўжо арыштавалі апаратуру адной расейскай кампаніі, якая была ў Саюзе кінэматаграфістаў на адказным захаваньні. Таксама апячатаныя памяшканьне студыі “Тацяна”, у якім захоўваецца апаратура, відэаархіў кінафэстываляў ды іншыя асабістыя рэчы супрацоўніц.
Адказны сакратар Саюзу кінэматаграфістаў Аляксандар Шкадарэвіч ня бачыць у гэтай акцыі супрацоўнікаў Дзяржкантролю нічога надзвычайнага — маўляў, звычайная плянавая праверка. Старшыня камісіі Дзяржкантролю, што правярае саюз, Пётар Цыбульскі ўвогуле адмаўляецца казаць што-небудзь журналістам у гэтай справе. А ў прэсавай службе Камітэту дзяржкантролю гавораць, што іх ведамства ўвогуле правярае не Саюз кінэматаграфістаў, а пэўныя студыі: спадара Хашчавацкага, “Тацяна” ды іншыя.
Кіраўніца студыі “Тацяна” Тацяна Логінава перакананая, што гэтая праверка мае на мэце зьнішчыць усе незалежныя кінастудыі. Цяпер спадарыня Логінава й яе калегі рыхтуюць адкрыты зварот да грамадзкасьці й творчай інтэлігенцыі з заклікам абараніць ад зьнішчэньня незалежныя кінэматаграфічныя суполкі.