ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ ЗВОЛЬНІЛА ШАСЬЦЯРЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ “БЕЛАРУСКАГА ЧАСУ”

Міхал Стэльмак, Менск

Звольнілі шасьцярых журналістаў “Беларускага часу”. Вось што паведаміў 14 студзеня былы адказны сакратар выданьня Сяргей Юр’еў:

(Юр’еў: ) “Нам было абвешчана пра скарачэньне нашых ставак і звальненьне. Сёньня газэту робяць толькт тэхнічныя супрацоўнікі”.

Паводле журналістаў, ініцыятарам масавага звальненьня стала кіраўніцтва Фэдэрацыі. Так лічыць, у прыватнасьці, былы супрацоўнік Уладзімер Дзюба:

(Дзюба: ) “Звольнілі прафэсійных журналістаў, якія не былі згодныя мяняць пазыцыю. Яны не падпарадкаваліся кіраўніцтву Фэдэрацыі прафсаюзаў і ідэалягічным догмам уладаў. За кожным з нас цягнецца шлейф асобаў, якія працавалі ў незалежных выданьнях. Я працаваў у Беларускай асацыяцыі журналістаў, яшчэ калісьці “муціў ваду”, як лічылі ўлады, на Беларускім радыё. У вачах уладаў мы выглядаем ворагамі”.

Паводле былых супрацоўнікаў “Беларускага часу” Ірыны Германовіч і Аляксандра Ягорава, ініцыятыва звальненьня зыходзіла непасрэдна ад старшыні Фэдэрацыі Леаніда Козіка. Аляксандар Дубравін лічыць, што прафсаюзнае выданьне ўжо неўзабаве набудзе новае аблічча:

(Дубравін: ) “Я лічу, што газэта будзе напаўняцца новым зьместам. Прывезьлі новую мэблю. Па-другое, вызвалілі яшчэ два кабінэты. Па-трэцяе, пачалі зьяўляцца ў калідорах улады ўсялякія таварышы зь незусім адэкватнымі паводзінамі. Бачыў я аднаго праваслаўнага “расстрыгу” з праваслаўным крыжом. Бачыў я там Сяргеева, стваральніка сабору “Белая Русь”. Газэта будзе жыць, таму што яна патрэбная Козіку, каб паказваць, што ўсё добра”.

Пераарыентацыю выданьня прадказвае і былы яго супрацоўнік Алесь Хмяльніцкі. Паводле яго, са звальнеьнем шасьцярых журналістаў канчаткова спыняецца творчы кірунак, заснаваны ў “Беларускім часе” звольненым летась рэдактарам Аляксандрам Старыкевічам.

Як крок, скіраваны на перасьлед журналістаў за прафэсійную дзейнасьць, ацэньвае падзеі ў прафсаюзнай газэце Беларуская асацыяцыя журналістаў. Вось як пракамэнтавала гэтыя падзеі нашаму радыё прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) “Тое, што адбылося з газэтай “Беларускі час”, — яшчэ адна дэманстрацыя таго, як лёгка ажыцьцяўляецца расправа над журналістамі, якія не падыходзяць для асьвятлення вось той генэральнай лініі, якую праводзіць сёньня новы кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў”.