ЧАМУ ПАДАРУНКІ МІЖНАРОДНАЙ ЭКСПРЭС-ПОШТАЙ ГЭТКІЯ ДАРАГІЯ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Алене Амельчанцы ў Менск сын адправіў з Амэрыкі пасылку з падарункамі. Сьпяшаўся, каб пасьпець да 31 сьнежня, таму скарыстаўся міжнароднай службай хуткай дастаўкі “Фэдэкс” (“Federal Express”). За паслугі паштавікі ўзялі з хлопца 200 даляраў ды запэўнілі, што маці распакуе падарункі да васьмі вечара напярэдадні Новага году. Аднак толькі праз тры дні пасьля сьвята прыйшло паведамленьне, што даўгачаканая пасылка знаходзіцца ў аэрапорце “Менск-2”.

А калі Алена Амельчанка набрала пазначаны нумар тэлефону пошты, яе сустрэлі пытаньнем: “Ці будзеце плаціць за пасылку?” Аказваецца, гэткія пасылкі абкладаюцца мытам, і ў выніку атрымліваюцца сумы, пасьля якіх людзі задумваюцца, ці забіраць падарункі.

(Амельчанка: ) “Мяркуйце самі — заплаціць каля 150 даляраў за двухкіляграмовую пасылку, у якой толькі навагоднія прэзэнты, і яны, можа, менш каштуюць. Я такога не разумею. Спачатку мы адмовіліся забіраць пасылку, але потым патэлефанавалі сыну і высьветлілі, што ён будзе яшчэ большыя грошы плаціць за яе вяртаньне, і таму ўсё ж заплацілі. Але што да мяне, я ўсур’ёз лічу, што гэта злачынства. Дзяржава проста залазіць да нас у кішэню, карыстаючыся падобнымі выпадкамі”.

Супрацоўнік міжнароднай службы экспрэс-дастаўкі пошты “Фэдэкс”, які назваўся Мікалаем, патлумачыў, што ягоная фірма ня мае дачыненьня да праблемаў, якія напаткалі Алену Амельчанку. Паводле Мікалая, з такімі ж праблемамі яна сутыкнулася б, калі б яе сын скарыстаўся паслугамі іншых вядомых фірмаў — UPS, DHL ці TNT. Галоўная праблема, на думку Мікалая, у тым своеасаблівым становішчы, што склалася на рынку міжнародных паштовых паслугаў у Беларусі. Кажа супрацоўнік фірмы “Фэдэкс” Мікалай:

(Мікалай: ) “Каб займацца ў Беларусі дастаўкай міжнароднай пошты, трэба мець ліцэнзію, але нікому гэтай ліцэнзіі не выдаюць. Ліцэнзія ёсьць толькі ў “Белпошты”. Таму ўсе астатнія грузы, якія дасылаюць сюды празь іншыя фірмы, ня лічацца поштай і абкладаюцца мытам, як іншыя некамэрцыйныя грузы. Для іх мыта — 30% ад заяўленага кошту. Гэта адбываецца з прычыны таго, што нехта адзін манапалізаваў рынак міжнароднай пошты”.

Мытную пошліну на 30% спаганяюць з адрасатаў на падставе 57 указу Аляксандра Лукашэнкі, які быў выдадзены яшчэ ў лютым 2001 году. Але з таго часу абкладаньні грамадзянаў Беларусі, якім пашчасьціла атрымаць пасылку з-за мяжы, яшчэ больш павялічыліся. Да мыта дадаецца падатак на транспартныя выдаткі, камісійныя — і атрымліваецца, што пасылка вагой 2 кіляграмы каштуе адрасату 120–150 даляраў.

“Ня дзіва, што шмат хто з адрасатаў ад такіх падарункаў проста адмаўляецца. Асабліва старыя, у якіх няма вялікіх грошай. Яны звычайна просяць нас хаця б пералічыць, што было ў той пасылцы, паплачуць і адмаўляюцца”, — распавядае Мікалай зь фірмы “Фэдэкс”. Усяго, паводле ягоных назіраньняў, за дзень прыходзіць 5–6 пасылак, у перадсьвяточныя дні гэтая лічба павялічваецца ўдвая ці нават ўтрая. Каля паловы адрасатаў ад пасылак адмаўляецца, і пасылкі вяртаюцца адпраўшчыку, альбо, калі той таксама ня хоча плаціць, назапашваюцца ў нямецкім горадзе Франкфурце, на адмысловым сховішчы. Праз два гады іх там зьнішчаюць.

З прычыны такой палітыкі беларускіх уладаў міжнародныя фірмы экспрэс-дастаўкі, якія супрацоўнічаюць зь Беларусьсю, церпяць тут немалыя страты. Ім ніяк не ўдаецца стварыць трывалую сетку кліентаў па сувязях зь Беларусьсю. Паводле Мікалая, у даведніках гэтых фірмаў Беларусь пазначаная трыма крыжыкамі, што азначае краіну зь вельмі неспрыяльнымі ўмовамі для паштовых сувязяў.

(Мікалай: ) “Людзі спрабуць перадаваць свае пасылкі з кімсьці, фірмы шлюць узоры сваёй прадукцыі нейкім іншым чынам, але толькі ня поштай. І ў выніку паток грузаў зьменшыўся”.

Толькі 5 студзеня Алена Амельчанка адкрыла навагоднюю пасылку свайго сына. Там быў кашэміравы шалік для яе, набор сьвяточных цукерак для пляменьніц і аўдыёплэер для малодшага сына. Калі падлічылі, атрымалася, што яе сям’я заплаціла за навагоднія падарункі дакладна ўдвая больш, чым яны каштуюць.