НАВІНЫ ЎСХОДНЯЕ ЭЎРОПЫ

Юры Сьвірко, Прага

ВІЛЬНЯ. У Літве найдаражэйшы ў Балтыі бэнзын. Пасьля таго, як з 1 студзеня пачаў дзейнічаць новы літоўскі закон аб акцызным падатку, літар бэнзыну А95 у Вільні каштуе ад 73 да 75 амэрыканскіх цэнтаў. У Латвіі ён каштуе каля 65 цэнтаў. Найтаньнейшае паліва ў Эстоніі – літар бэнзыну 95Е у Таліне ў сярэднім каштуе 61 амэрыканскі цэнт.

ВАРШАВА. Сёньня тут адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Літвы й Польшчы Валдаса Адамкуса й Аляксандра Квасьнеўскага. Яны назвалі прыкладам для Эўропы й усяго сьвету добрыя двухбаковыя стасункі, а таксама заявілі, што менавіта гэта дапамагло абедзьвюм краінам ажыцьцявіць мэты стратэгічнага партнэрства. Паводле Квасьнеўскага, пры падтрымцы Польшчы Літва атрымала на саміце НАТО ў Празе ў лістападзе запрашэньне далучыцца да альянсу, а ў сьнежні абедзьве краіны пасьпяхова скончылі перамовы пра ўступленьне ў Эўразьвяз. “Гэта гістарычныя падзеі, якія сталі адплатаю за крыўды, нанесеныя нашым народам у мінулым”, - заявіў прэзыдэнт Польшчы. Ён зьвярнуў увагу на тое, што ягоным першым госьцем у Новым годзе стаў прэзыдэнт Літвы. 5 студзеня ў Літве адбудзецца другі тур прэзыдэнцкіх выбараў.

КРАКАЎ. На поўдні й паўднёвым захадзе Польшчы пачынаюць разьлівацца й выходзіць зь берагоў рэкі. У Дольнашленскім ваяводзтве ўзровень вады падняўся да крытычнай адзнакі ў 20 месцах. У шмат якіх гарадах і вёсках вада заліла падвалы дамоў, а таксама сельскагаспадарчыя тэрыторыі. Цяпер пажарныя адкачваюць ваду з дапамогай помпаў. Эвакуацыя насельніцтва пакуль нідзе не пачалася.

КІЕЎ. Генэральная пракуратура Ўкраіны распачала крымінальную справу па факце зьдзяйсьненьня злачынства службовымі асобамі вытворчага прадпрыемства “Хмяльніцкая атамная электрастанцыя”. Іх абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам, што выклікала цяжкія наступствы, паведаміла сёньня прэсавая служба ўкраінскае генпракуратуры. У студзені й ліпені 2002 году службовыя асобы Хмяльніцкае АЭС незаконна давалі дазвол на продаж маёмасьці станцыі, якое адносіцца да стратэгічнага цэнтралізаванага запасу нацыянальнае кампаніі “Энэргаатам”.

ХАРКАЎ. Зьменаў у працы Харкаўскага авіапрадпрыемства ў зьвязку з катастрофай самалёту Ан-140 у Іране ня будзе. Пра гэта сёньня заявіў генэральны дырэктар заводу Павал Навуменка. Паводле дырэктара, прыканцы студзеня Харкаўскі завод плянуе перадаць чацьверты самалёт Ан-140 кампаніі “Адэскія авіялініі”. Навуменка сказаў журналістам, што перадача гэтага самалёту была прызначаная на 27 сьнежня, але была перанесеная ў зьвязку з катастрофай у Іране. Дырэктар харкаўскага заводу паведаміў, што сёлета самалёт Ан-140 будзе прастаўлены на авіяцыйных выставах у Індыі ды Аўстраліі.

КІШЫНЭЎ. У Малдове сёлета склалася спрыяльная сытуацыя для ўрэгуляваньня прыднястроўскае праблемы. Пра гэта сёньня заявіў міністар рэінтэграцыі Малдовы Васіль Шова. Ён лічыць, што узьяднаньне краіны дазволіць гарантаваць правы й свабоды ўсіх грамадзян узьяднанае дзяржавы й стварыць умовы для паляпшэньня жыцьця жыхароў абодвух берагоў Днястра, якія стаміліся жыць ва ўмовах няўпэўненасьці. Пасаду міністра рэінтэграцыі стварыў прыканцы мінулага году прэзыдэнт Малдовы Ўладзмір Варонін.