ГОМЕЛЬСКАЯ ЎПРАВА ЮСТЫЦЫІ ДАМАГАЕЦЦА ЛІКВІДАЦЫІ МОЛАДЗЕВАЙ АРГАНІЗАЦЫІ “ГАРТ”

Казімер Яноўскі, Гомель

Пазоў пра ліквідацыю грамадзкай арганізацыі “Гарт” у абласны суд падаў начальнік управы юстыцыі аблвыканкаму Валянцін Макарэвіч. Падставай паслужылі папярэджаньні ўправы пра неадпаведнасьць юрыдычнага адрасу “Гарту” фактычнаму разьмяшчэньню, а таксама парушэньне дэкрэту №8, які забараняў у часе выбарчай кампаніі выкарыстаньне аргтэхнікі замежных фундатараў.

Вось што мяркуе наконт ліквідацыі кіраўнік “Гарту” Сяргей Адзінец:

(Адзінец: ) “Магчыма, справа ў нашай дзейнасьці падчас прэзыдэнцкай кампаніі, калі дзейнасьць была вельмі актыўнай. Быў іншы судовы працэс за парушэньне нашай арганізацыяй дэкрэту №8. Мяркую, гэта паўплывала на вядомасьць нашай арганізацыі і на ліквідацыю таксама”.

З падачы мясцовай управы КГБ яшчэ летась “Гарт” абвінавацілі ў выкарыстаньні кампутараў, атрыманых ад замежных фундатараў, для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Тэхніку сканфіскавалі. Аднак моладзевая арганізацыя не спыніла сваю працу. І вось зараз управа юстыцыі падсумавала ўсе парушэньні і стала дамагацца ліквідацыі “Гарту” праз суд.

Распавядае сябра “Гарту”, юрыст Сяргей Бандаровіч.

(Бандаровіч: ) “Канечне, фармальна як бы ёсьць падставы для ліквідацыі арганізацыі. Гэта сапраўды парушэньні зь юрыдычным адрасам. Але я скажу і іншае. Далёка ня ўсе арганізацыі, якія маюць такога кшталту парушэньні, былі ліквідаваныя ці ліквідуюцца зараз, і ў гэтым ёсьць нейкая суб’ектыўнасьць у стаўленьні да нашай арганізацыі. “Гарт” мае імідж даволі моцнай і такой прадэмакратычнай арганізацыі на Гомельшчыне, якая займаецца моладзьдзю і яе праблемамі. Мы досыць вядомыя ўладам па нашай папярэдняй дзейнасьці”.

На судзе высьветлілася, што кіраўніцтва “Гарту” не знаёмае з пазовам управы юстыцыі. Пазовы былі дасланыя ранейшым кіраўнікам арганізацыі. Таму судзьдзя Васіль Белавусаў перанёс разгляд справы на 10 студзеня.