Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў зазначыў, што магчымасьць для падпісаньня дамовы з АБСЭ пра новы мандат місіі не абмяжоўваецца гэтым тыднем, і таму, на ягоную думку, калядныя вакацыі ня будуць перашкодай для дасягненьня посьпеху на перамовах у Вене.
У штаб-кватэры АБСЭ цяпер знаходзяцца памочнік А.Лукашэнкі ў міжнародных справах Ігар Ляшчэня, які кіруе беларускай дэлегацыяй, амбасадар у асаблівых даручэньнях Андрэй Грынкевіч і начальнік аддзелу МЗС Беларусі па працы з АБСЭ Максім Рыжанкоў.
У беларускім замежнапалітычным ведамстве атрымалі паведамленьне зь Вены пра ўчорашнюю няўдалую спробу зацьверджаньня новага мандату місіі на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ, якую заблякавалі дэлегацыі ЗША і Канады.
Аднак гэта не зьбянтэжыла МЗС Беларусі. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Справа ў тым, што дыскусія яшчэ працягваецца. Пазыцыя ЗША і Канады. Такім чынам, працэс перамоваў ідзе”.
Камэнтаваць сутнасьць спрэчных пунктаў, якія сарвалі пагадненьне, Андрэй Савіных адмовіўся, як адмовіўся і камэнтаваць пазыцыі асобных краінаў.
Калі будзе дасягнутае пагадненьне, у МЗС казаць пакуль не бяруцца. Магчыма, гэта адбудзецца нават сёньня, магчыма, пазьней. Прынамсі, тэрмін камандзіроўкі трох беларускіх дыпляматаў на перамовы ў Вену пакуль што разьлічаны да канца гэтага году.